Паліцыя разагнала шматтысячны мітынг пратэсту ў Башкартастане
Мітынг каля суда ў Баймаку (Башкартастан)
У Башкартастане тысячы чалавек выйшлі на пратэст праз прысуд мясцоваму актывісту Фаілю Алсынаву. Мітынг сабраўся ля суда горада Баймак. Алсынава судзілі паводле артыкула аб распальванни міжнацыянальнай нянавісці, піша "Новая газета. Еўропа".
Да суда прыйшлі некалькі тысяч чалавек, яны патрабавалі спыніць справу супраць Алсынова і адправіць у адстаўку кіраўніка Башкартастана Радыя Хабірава. Паліцыя ўжыла супраць людзей слезацечны газ і іншыя спецсродкі. Згодна з паведамленнем карэспандэнта SOTAvision , сілавікі білі тых, хто сабраўся дубінкамі і кідалі ў натоўп светлашумавыя гранаты. У адказ пратэстоўцы кідалі ў АМАП і паліцыю кавалкі лёду. Некалькі чалавек затрымана. Ёсць пацярпелыя: як мінімум аднаму з пратэстоўцаў разбілі галаву, ад слёзацечнага газу пацярпеў лекар хуткай дапамогі. Паводле ацэнкі журналістаў, каля суда ў Баймаку сёння сабралася каля 10 тысяч чалавек.
"Новая газета" нагадвае, што летась Алсынаў актыўна ўдзельнічаў у пратэстах супраць здабычы золата ў Башкартастане, а таксама супраць працы мігрантаў у шахтах. На адной з сустрэч, згодна з версіяй следства, актывіст "выступіў з прамовай на башкірскай мове, якая змяшчае выказванні, у якіх негатыўна ацэньваюцца групы асоб — жыхары Каўказа, Сярэдняй Азіі і армяне". Справа супраць Алсынава была ўзбуджаная па ініцыятыве кіраўніка Башкартастана Радыя Хабірава. Сам абвінавачаны сваю віну не прызнаў. Ён заявіў, што ягоную прамову няправільна трактавалі.
Пратэсты ў Башкартастане доўжацца ўжо некалькі дзён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.