Палітвязень Анджэй Пачобут не атрымлівае неабходных лекаў

Анджэй Пачобут / AFP

Анджэй Пачобут / AFP

Палітвязень журналіст з Гродна Анджэй Пачобут не атрымлівае неабходных лекаў. Пра гэта расказаў віцэ-старшыня Саюза палякаў Беларусі Марэк Занеўскі падчас традыцыйнай акцыі салідарнасці ў Беластоку, піша "Польскае радыё".

Звяртаючыся да ўдзельнікаў акцыі Занеўскі заявіў, што Пачобут не атрымлівае "лекаў для сэрца, у яго кожны дзень запаволены рытм, у яго падымаецца ціск і мы проста не ведаем, чым яму дапамагчы, акрамя як прыйсці сюды і ўсім пра гэта голасна сказаць".

Акцыі салідарнасці з Анджэем Пачобутам і іншымі палітвязнямі праходзяць у Беластоку кожны месяц цягам ужо некалькіх гадоў. Іх ладзіць Саюз палякаў Беларусі і Падляшскі аддзел Аб'яднання Wspólnota Polska. Людзі збіраюцца, каб выказаць салідарнасць з палітвязнямі, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах, і зноў запатрабаваць іх вызвалення.

Нагадаем, журналіст і актывіст польскай меншасці ў Беларусі Анджэй Пачобут знаходзіцца пад вартай з 25 сакавіка 2021 года. У лютым гэтага года яму прызначылі 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У жніўні жонка Анджэя Аксана расказала, што Пачобута перавялі на 6 месяцаў у памяшканне камернага тыпу. Гэта пакаранне яму прызначылі "за адмаўленне ад працы, якую нельга выканаць". Пры гэтым пры аглядзе перад адпраўкай у ПКТ у Пачобута быў зрыў сардэчнага рытму і ціск 190/140.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі