Памежнікі збілі беспілотны монапараплан на радзіме Зянона Пазняка
Збіты монапараплан / gpk.gov.by
Ноччу 29 чэрвеня каля вёскі Суботнікі Іўеўскага раёна — радзіме Зянона Пазняка, між іншым, — памежнікі заўважылі лётны апарат, які выконваў палёт блізу беларуска-літоўскай мяжы на вышыні каля 100 метраў. Пра гэта паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі.
Падчас пераследу монапараплана былі ўжытыя асвятляльныя патроны, у выніку чаго быў выяўлены факт дыстанцыйнага кіравання апаратам. Затым памежнікі пасадзілі беспілотны монапараплан з дапамогай агню з табельнай зброі.
На думку памежнікаў, канструкцыя апарата паказвае на яго саматужную вытворчасць, а дыстанцыйнае кіраванне — "на магчымасць выкарыстання лётнага апарата для незаконнага перамяшчэння праз мяжу як таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, так і іншых грузаў, якія ўяўляюць небяспеку".
На дадзены момант ідзе праверка, высвятляюцца асобы, якія могуць быць датычныя да парушэння паветранай прасторы Беларусі.
Дзяржпагранкамітэт нагадвае, што выкарыстанне лётных апаратаў у пагранічнай паласе забароненае і што памежнікі маюць права ўжываць зброю для прадухілення парушэння дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.