Памежны камітэт: Калеснікава затрыманая, дзе знаходзіцца — не ведаем

Памежны камітэт: Калеснікава затрыманая, дзе знаходзіцца — не ведаем

Прэс-служба Памежнага камітэта не ведае, дзе цяпер знаходзіцца Марыя Калеснікава

"На гэтае пытанне зараз у прэс-службе інфармацыі няма. Ведаю, што вядзецца разбіральніцтва. І ведаю, што ў Калеснікавай ніякіх праблем па стане здароўя няма, нягледзячы на тое, што яе там выкінулі з машыны. Нейкіх пакуль праблем са здароўем няма", — заявіў у каментары Еўрарадыё афіцыйны прадстаўнік Памежнага камітэта Антон Бычкоўскі.

Ён расказаў афіцыйную версію падзеяў на беларуска-ўкраінскай мяжы, калі Марыя Калеснікава, Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў пакідалі Беларусь. 

"Пункт пропуску "Аляксандраўка" знаходзіцца на ўкраінскай мяжы. Ад яго да дзяржаўнай мяжы — дзе яна рэальна праходзіць і абазначаная — яшчэ 6 км. Для таго, каб перасячэнне мяжы праходзіла пад кантролем памежнікаў, у гэтым прамежку прызначаюцца дадатковыя нарады, якія кантралююць там сітуацыю, правяраюць законнасць знаходжання ў памежнай зоне і паласе тых, хто стаіць на ўезд і выезд.

Што адбылося сёння. На пачатку пятай Калеснікава, Раднянкоў і Краўцоў прайшлі памежны кантроль на выезд у пункце пропуску "Аляксандраўка". Прайшлі ўсе віды кантролю. Выехалі з тэрыторыі пункта пропуску вось на гэты шасцікіламетровы ўчастак дарогі і паехалі ў бок Украіны. На шляху ім сустракаецца наш пагранічны нарад, які, па ідэі, павінен праверыць, ці ўсё ў парадку, ці не паехалі яны ў аб'езд і гэтак далей.

Замест таго, каб выканаць законныя патрабаванні пагранічнага нарада, транспартны сродак паскараецца, стварае пагрозу жыццю ваеннаслужачага і фактычна хаваецца на тэрыторыі Украіны. Пры гэтым Калеснікава аказваецца па-за транспартным сродкам. Па ўсёй бачнасці, яе з транспартнага сродку выпхнулі, выштурхнулі. Якраз перад тым, як паскорыцца. Краўцоў з Раднянковым аказваюцца на тэрыторыі сумежнай краіны. А грамадзянку Калеснікаву мы вымушаныя былі затрымаць. Цяпер яна затрыманая, вядзецца разбіральніцтва. Па гэтым факце будзе дадзеная прававая ацэнка", — распавёў Бычкоўскі.

Раней Памежны камітэт паведамляў, быццам Беларусь пакінулі ўсе тры названыя сябры Каардынацыйнай рады. Пазней з'явілася ўдакладненне, што Калеснікава засталася ў Беларусі і была затрыманая.

Раней яна заяўляла паплечнікам, што не збіраецца пакідаць Беларусь, як гэта зрабіла яшчэ адна сябра прэзідыўму Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі