Памілавалі жанчыну, якая адседзела 20 гадоў у турме за забойства сваіх 4 дзяцей

Кэтлін Фолбіг / EPA
Кэтлін Фолбіг / EPA

У Аўстраліі памілавалі жанчыну, якая адседзела 20 гадоў у турме за забойства сваіх чатырох дзяцей (сыноў Калеба і Патрыка, дачок Сары і Лауры). Кэтлін Фолбіг называлі "самай страшнай серыйнай забойцай Аўстраліі". У 2003 годзе суд палічыў малаверагоднымі сцвярджэнні абароны жанчыны, што ўсе яны памерлі ад натуральных прычын на працягу дзесяці гадоў. Але нядаўна навукоўцы далі вынікі новых даследаванняў, якія паказваюць менавіта на гэта, паведамляе "Бі-Бі-Сі".

Вярхоўны суд штата Новы Паўднёвы Уэльс прысудзіў Фолбіг да 40 гадоў турмы з магчымасцю датэрміновага вызвалення не раней, чым праз 25 гадоў. Цяпер справа 55-гадовай жанчыны, якая заўсёды настойвала на сваёй невінаватасці, называюць адной з найвялікшых судовых памылак у Аўстраліі.

Кэтлін Фолбіг арыштавалі пасля таго, як за перыяд з 1989-га да 1999 года раптоўна памерлі чацвёра яе дзяцей, якім на момант смерці было ад 19 дзён да 19 месяцаў. Пракуроры на судзе сцвярджалі, што жанчына задушыла іх. Пры гэтым доказаў задушвання або слядоў цялесных пашкоджанняў дзяцей прадастаўлена не было. У выніку жанчыну асудзілі на падставе ўскосных доказаў: запісаў у яе дзённіках, у якіх гаварылася, што мацярынства даецца ёй няпроста і што яна вінаваціць сябе ў смерці дзяцей.

Падчас новага расследавання справы эксперты выказалі здагадку, што дзённікі былі спосабам перажыць тое, што здарылася для журботнай маці, у якой амаль не было падтрымкі, а таксама што ўсе чацвёра дзяцей наўрад ці маглі быць задушаныя без якіх-небудзь фізічных слядоў. Але асноўнай прычынай, якая прымусіла пракуратуру змяніць свае погляды, сталі высновы групы імунолагаў. Яны выявілі ў дачок жанчыны агульную генетычную мутацыю, якая можа выклікаць раптоўнае спыненне сэрца. Таксама былі выяўленыя доказы таго, што ў яе сыноў была іншая генетычная мутацыя.

У выніку губернатар Новага Паўднёвага Уэльса падпісаў указ аб поўным памілаванні і распарадзіўся неадкладна вызваліць Кэтлін Фолбіг з турмы.

Памілаванне не адмяняе ранейшы прысуд, таму чакаецца апеляцыйны суд. Працэс можа працягвацца да года. Калі прысуд будзе адменены, Фолбіг зможа падаць у суд на ўрад Аўстраліі, каб атрымаць кампенсацыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі