Інтэрпал выкрасліў Андрэя Гнёта са свайго "чырвонага спісу"

Андрэй Гнёт

Андрэй Гнёт / t.me/dw_belarus/

Інтэрпал выкрасліў беларускага палітуцекача Андрэя Гнёта з свайго "чырвонага спісу", паведамляе прэс-служба БАЖ.

У лісце Генсакратарыята арганізацыі прызнаецца, што справа журналіста мае палітычную афарбоўку. Таму яго вышук праз Інтэрпал супярэчыць артыкулам 2 і 3 статута арганізацыі.

У артыкуле 2 гаворыцца, што Інтэрпал мае на мэце забяспечваць "шырокае ўзаемадзеянне крымінальнай паліцыі ў межах дзейнага заканадаўства краіны і ў духу Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека".

Артыкул 3 забараняе Інтэрпалу ўмешвацца ў "дзейнасць палітычнага, ваеннага, рэлігійнага ці расавага характару".

Сам Андрэй Гнёт па-ранейшаму застаецца пад хатнім арыштам у Сербіі і чакае апеляцыйнага суда. Ён атрымаў ліст з Інтэрпала.

"Зараз мы звярнуліся ў Інтэрпал, каб яны даслалі пацвярджэнне свайго рашэння ў выглядзе афіцыйнага дакумента за подпісам гендырэктара Інтэрпала. Можам пасля гэтага ліста казаць пра тое, што ад самага пачатку мой вышук быў палітычна матываваным. Але тут, канечне, у мяне пытаннечкі ёсць да Інтэрпола. Як адбываецца так, што вы спачатку чалавека арыштоўваеце і садзіце яго за краты, ён змагаецца з экстрадыцыяй, а потым вы ўжо пасля разбіраецеся і кажаце: "Ой, дык мы ж свой уласны статут і парушаем!". Гэта даволі абсурдная сітуацыя", — каментуе Гнёт сітуацыю.

Пры гэтым палітуцякач кажа, што пагроза экстрадыцыі ў Беларусь застаецца рэальнай. Сербскія ўлады, паводле яго, заяўляюць, што цяпер трымаюць яго пад арыштам не паводле запыту Інтэрпала, а таму што ёсць двухбаковае пагадненне з Беларуссю.

Андрэй Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, а таксама сузаснавальнік  Свабоднага аб'яднання спартоўцаў SOS BY, якое рэжым Лукашэнкі прызнаў "экстрэмісцкім фармаваннем". Гнёт пакінуў Беларусь па палітычных матывах. У кастрычніку 2023-га яго затрымалі ў Сербіі паводле ордара Інтэрпала: рэжым Лукашэнкі абвясціў Гнёта ў міжнародны вышук, абвінаваціўшы ў нявыплаце падаткаў.

Сем месяцаў палітуцякач правёў у сербскай турме, потым яго перавялі пад хатні арышт. Вярхоўны суд Сербіі пастанавіў экстрадзіраваць Гнёта ў Беларусь, але ён з адвакатам абскардзіў гэтае рашэнне.

У абарону Гнёта выступілі разнастайныя беларускія і міжнародныя арганізацыі, у тым ліку Amnesty International.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі