Памёр 103-гадовы беларус, савецкі разведчык Аляксей Бацян

Памёр 103-гадовы беларус, савецкі разведчык Аляксей Бацян

У Маскве памёр 103-гадовы беларус, савецкі разведчык Аляксей Бацян, паведамляе ТАСС. 10 лютага ў яго быў дзень нараджэння, пасля якога ён пражыў яшчэ тры дні.

Бацян — ураджэнец вёскі Чартовічы Валожынскага раёна Мінскай вобласці. З сялянскай сям'і. Служыў у польскім войску, у верасні 1939-га ўдзельнічаў у баях з нямецкімі войскамі. Пры савецкай уладзе працаваў настаўнікам у школе, а ў 1940-м яго адправілі ў разведвальную школу. Вайну летам 1941-га ён пачаў у складзе Асобнай мотастралковай брыгады асаблівага прызначэння, якой кіраваў вядомы савецкі дыверсант Павел Судаплатаў. У наступныя гады дзейнічаў у нямецкіх тылах у Беларусі, Украіне, Польшчы. У 1945 годзе Аляксей Бацян удзельнічаў у аперацыі па ратаванні ад знішчэння нацыстамі польскага горада Кракаў. Стаў прататыпам галоўнага героя мастацкага фільма "Маёр Віхор". У кантактах з польскім падполлем падкрэсліваў, што ён праваслаўны беларус, пра што нядаўна расказваў у адным з інтэрв'ю.

З 1945-га служыў у знешняй выведцы савецкай дзяржбяспекі, дзейнічаў за мяжой. Палкоўнік дзяржбяспекі, герой РФ (2007). Быў кансультантам байцоў спецпадраздзялення "Вымпел".

Памёр 103-гадовы беларус, савецкі разведчык Аляксей Бацян
Аляксей Бацян у 1941 годзе / svr.gov.ru

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі