Памёр Аляксей Лявонаў — касманаўт, які першым выйшаў у адкрыты космас
У Маскве ва ўзросце 85 гадоў памёр касманаўт Аляксей Лявонаў — першы чалавек, які выйшаў у адкрыты космас.
"Аляксей Архіпавіч памёр у шпіталі імя Бурдэнкі пасля працяглай хваробы", — паведаміла агенцтву ТАСС яго памочніца Наталля Філімонава.
Двойчы Герою Савецкага Саюза было 85 гадоў. Першае Зорку Героя Лявонаў атрымаў акурат за выхад у адкрыты космас, які здзейсніў у сакавіку 1965 года.
Развітанне і пахаванне касманаўта пройдуць 15 кастрычніка на Федэральных вайсковых мемарыяльных могілках у Мыцішчах пад Масквой.
Аляксей Лявонаў вядомы не толькі як касманаўт, але і як мастак. Яго карціну ў верасні 2018 года падарылі Аляксандру Лукашэнку на міжнародным касмічным кангрэсе ў Мінску. Сам Лявонаў на кангрэс не прыехаў, яго падарунак Лукашэнку ўручыў беларускі лётчык-касманаўт Пётр Клімук.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.