"Пандэмія не скончылася": СААЗ заклікае свет вярнуцца да нашэння масак
Сусветная арганізацыя аховы здароўя заклікае краіны вяртацца да масачнага рэжыму, паведамляе Sky.News.
У арганізацыі папярэджваюць, што каранавірус "свабодна распаўсюджваецца", а смяротнасць ад яго "непрымальна высокая". Па словах кіраўніка СААЗ Тэдраса Аданома Гебрэйэса, варыянты омікрона выклікаюць новыя хвалі шпіталізацыі і смерцяў па ўсім свеце. Ён мяркуе, што краінам варта зноў вяртацца да нашэння масак і паклапаціцца пра паляпшэнне вентыляцыі ў памяшканнях.
Кіраўнік СААЗ настойвае, што "пандэмія не скончылася" нягледзячы на тое, што высокая вакцынацыя насельніцтва заможных дзяржаў дала свае вынікі, і краіны адмовіліся ад "кавідных" абмежаванняў.
"Я занепакоены тым, што выпадкі COVID-19 працягваюць расці, што аказвае дадатковы ціск на перагружаныя сістэмы аховы здароўя і медыцынскіх работнікаў. Яшчэ мяне турбуе павелічэнне колькасці смерцяў", — сказаў Гебрэйс.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.