Парадзіхі ў Маладзечне памерлі ад алергіі на лекі — вынікі праверкі СК

Парадзіхі ў Маладзечне памерлі ад алергіі на лекі — вынікі праверкі СК

Ягор Мышук, муж памерлай у Маладзечне ў кастрычніку 2015 года парадзіхі, тры дні таму атрымаў ліст ад Следчага камітэта. Ягор чакаў гэтага адказу 8 месяцаў. У лісце напісана, што праверка па факце смерці Вікторыі Мышук завершана — у дзеяннях дактароў не выяўлена памылак, ва ўзбуджэнні крымінальнай справы няма неабходнасці.


"Следства прыйшло да высновы аб адсутнасці прычынна-выніковай сувязі паміж неспрыяльным зыходам — наступленнем смерці... і дзеяннямі медыцынскага персаналу УЗ "Маладзечанская ЦПБ" , — паведамляецца ў лісце.

Парадзіхі ў Маладзечне памерлі ад алергіі на лекі — вынікі праверкі СК

Вікторыя Мышук памірае на радзільным стале Маладзечанскай радзільні 27 кастрычніка. Прычынай смерці 23-гадовай дзяўчыны называюць анафілактычны шок. Праз 5 месяцаў у той жа радзільні таксама ад алергічнай рэакцыі на лекі памірае яшчэ адна парадзіха, Кацярына Грышкевіч. Гэта пацвярджаюць патолага-анатамічная, судова-гісталагічныя, судова-хімічная экспертызы, якія праводзяцца Следчым камітэтам.

Парадзіхі ў Маладзечне памерлі ад алергіі на лекі — вынікі праверкі СК

"У першым выпадку гаворка ідзе пра кроваспыняльны прэпарат, у другім — антыбактэрыяльны, — распавядае Еўрарадыё афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова. — У абодвух выпадках праведзены ўсемагчымыя мерапрыемствы, вывучаны ўсе абставіны, алгарытмы, па якіх мусяць у такіх выпадках дзейнічаць дактары, правераны прэпараты на адпаведнасць устаноўленым патрабаванням бяспекі. У другім выпадку вывучаны запіс відэаназірання пасекундна: рэанімацыйныя мерапрыемствы былі распачатыя неадкладна пасля першых прызнакаў шоку і праведзены ў поўным аб'ёме, што пацвярджаецца камерамі. У абодвух выпадках праверкі завершаны і прынятае рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы".


Паводле Сусветнай арганізацыі здароўя, анафілактычны шок з'яўляецца няшчасным выпадкам і не падпадае пад вызначэнне "мацярынскай смяротнасці". Згодна з афіцыйнай статыстыкай, у Беларусі адны з самых нізкіх паказчыкаў "мацярынскай смяротнасці" у свеце.

Аднак Ягор Мышук, нягледзячы на вынікі праверкі СК, працягне шукаць вінаватых.

Парадзіхі ў Маладзечне памерлі ад алергіі на лекі — вынікі праверкі СК

"Такі тоўсты ліст на восем старонак, цалкам заключэнне, дзе распісана падрабязна, распісаны той дзень. Як і што было, хто быў побач. Кепскі ліст. Цешча яго дастала з паштовай скрыні — што з ёй здарылася!" — узгадвае Ягор. Ён прыехаў у Следчы камітэт Мінскай вобласці, каб паразмаўляць са следчай. Кажа, што паказалі 400-старонкавую справу, дзе сабраная ўся інфармацыі па смерці жонкі. "У іншай краіне дактары б панеслі адказнасць за гэта. Тым больш калі б гэта быў адзін такі выпадак. Сумна і крыўдна".


22 ліпеня яго Вікторыі мусіла споўніцца 24 гады:


"Бацькам цяжка. Бацька стаў сівы, у маці на нервовай глебе крышацца зубы. Іх шкада. А Давід расце. Яму 9 месяцаў. Зубкі вылезлі. Спрабуе хадзіць".


Цяпер Ягор Мышук збіраецца звярнуцца ў суд.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі