Парашэнка выключыць з “чорнага спісу” журналістаў “ВВС”
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка даручыў Савету бяспекі выключыць з санкцыйнага спісу журналістаў ВВС, паведамляе агенцтва UNIAN.
“Свабода прэсы для мяне — абсалютная каштоўнасць”, — цытуе словы Парашэнкі яго прэс-сакратар Святаслаў Цаголка.
Напярэдадні, прэзідэнт Украіны пашырыў спіс асобаў, якім забараняецца ўезд на тэрыторыю Украіны цягам года. У спіс патрапілі 34 журналісты і 7 блогераў з 16 краін. Сярод якіх, акрамя Расіі, апынуліся Эстонія, Латвія, Германія, Вялікабрытанія, Іспанія, Ізраіль і Казахстан.
На сайце прэзідэнта паведамляецца, што гэтыя асобы прадстаўляюць “сапраўдную або патэнцыйную пагрозу нацыянальным інтарэсам Украіны”.
У еўрапейскіх СМІ вялікі рэзананс выклікала тое, што пад санкцыі патрапілі журналісты такіх выданняў, як ВВС, у тым ліку, Стыў Розэнберг, іспанскіх газет “La Razon”, “El Pais”, нямецкай “Die Zeit”, балгарскага тэлебачання “TV7”, і венгерскага “Echo-TV”.
Камітэт абароны журналістаў, які месціцца ў Нью-Ёрку, асудзіў указ прэзідэнта Украіны:
“Урад можа не згаджацца з тым, як асвятляюцца падзеі ў СМІ, але называць журналістаў патэнцыйнай пагрозай нацыянальнай бяспецы — гэта неадэкватны адказ”, — паведамляецца ў заяве камітэта.
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец таксама негатыўна ставіцца да такога кшталту чорных спісаў:
“Маё асабістае меркаванне, што складанне любых чорных спісаў можа пацягнуць за сабой парушэнне правоў чалавека. Я ўсё ж не вітаю тыя абмежаванні і тыя спісы фільмаў, якія забароненыя да паказу. Прычым, не проста спіс фільмаў, а агульную тэматыку, што забараняецца да паказу ва Украіне. Я лічу, што трэба больш сур’ёзна падыходзіць да абгрунтаванасці абмежаванняў свабоды выказванняў”, — кажа старшыня БАЖ.
Рэдактар міжнароднага адзела навінаў BBC Эндру Рой раскрытыкаваў “ганебнае нападзенне на свабоду сродкаў масавай інфармацыі”. Санкцыі былі зусім недарэчным і неабгрунтаваным дзеяннем супраць журналістаў ВВС, якія аб’ектыўна і справядліва асвятляюць сітуацыю ва Украіне.
“Мы заклікаем украінскі урад выключыць імёны журналістаў ВВС са спісу як мага хутчэй”, — цытуе дырэктара аддзела нямецкае выданне.
Нагадаем, прэзідэнт Украіны паведаміў, што санкцыі тычацца каля 400 фізічных і больш за 100 юрыдычных асобаў. Парашэнка падкрэсліў, што рашэнне было прынятае па ўзгадненні з ЕС, ЗША і іншымі краінамі.
Фота: sharij.net, www2.tv-ark.org.uk