Паслоў Беларусі і РФ запрасілі на банкет з нагоды ўручэння Нобелеўскіх прэмій
Летась паслоў Беларусі і Расіі не запрасілі на банкет / gettyimages
Афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі і Расіі зноў запрошаныя на банкет з нагоды ўручэння Нобелеўскіх прэмій, паведамляе ВВС са спасылкай на Нобелеўскі фонд. Мерапрыемства пройдзе ў Стакгольме. Летась беларускага і расійскага амбасадараў не запрашалі праз вайну ва Украіне. Зноў запрошаны на гэтае мерапрыемства і Іран.
У фондзе кажуць, што імкнуцца прыцягнуць нават тых, хто не падзяляе каштоўнасцяў Нобелеўскай прэміі.
"Відавочна, што свет усё больш дзеліцца на сферы, дзе дыялог паміж людзьмі з рознымі поглядамі звужаецца", — кажа выканаўчы дырэктар Нобелеўскага фонду Відар Хэльгесан. На яго думку, трэба супрацьстаяць гэтай тэндэнцыі, трэба казаць пра "важнасць свабоднай навукі, свабоднай культуры і свабодных, мірных таварыстваў". Таму і было прынята рашэнне запрасіць афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі, Расіі і Ірана.
З такой пазіцыяй не згодная шведскі дэпутат Еўрапарламента ад Ліберальнай партыі Карын Карлсбра. Яна мяркуе, што Фонд стварае "небяспечны прэцэдэнт", калі дае "зялёнае святло запрашэнню Расіі на гламурную вечарыну, у той час як ракеты падаюць на ўкраінскія культурныя цэнтры і забіваюць дзяцей". Яна назвала Расію, Беларусь і Іран "дзяржавамі-ізгоямі", якія "прыгнятаюць сваіх грамадзян, вядуць вайну і тэрор супраць уласнага народа і суседніх краін".
"Гэта краіны, якія ніякім чынам не падтрымліваюць дэмакратычныя каштоўнасці", — адзначыла Карын Карлсбра.
Нагадаем, летась лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру стаў беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі. Беларускі рэжым трымае яго ў зняволенні. Бяляцкаму прызначылі 10 гадоў калоніі за "фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" і "кантрабанду" (грашовых сродкаў). Першапачаткова спрабавалі судзіць за"нявыплату падаткаў". Але да суда гэтае абвінавачванне так і не дайшло.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.