Пасля аварыі з маршруткай пад Бабруйскам шпіталізавалі 9 чалавек
Аварыя пад Бабруйскам / УУС Магілёўскага аблвыканкама
Дзевяць чалавек шпіталізаваныя ў лякарні Бабруйска пасля аварыі 24 лютага.
Пацярпелых у аварыі на трасе Бабруйск — Глуск даставілі ў цэнтральную раённую больніцу і больніцу хуткай медыцынскай дапамогі Бабруйска, паведамляе прэс-служба Мінздароўя. Лекары агледзелі 12 чалавек. З Магілёва на дапамогу бабруйскім медыкам выехала брыгада па лініі санавіяцыі — рэаніматолаг, нейрахірург і траўматолаг.
У выніку чатырох чалавек шпіталізавалі ў цэнтральную больніцу, пяцярых (у тым ліку адно дзіця) — у больніцу хуткай меддапамогі. У іх дыягнаставалі спалучаныя траўмы, пераломы, удары. Амбулаторная дапамога аказана траім пацярпелым.
Як распавядала Еўрарадыё, зранку 24 лютага пад Бабруйскам адбылося ДТЗ: трактар сутыкнуўся з маршруткай. Паводле папярэдніх звестак, кіроўца трактара, выязджаючы з другараднай дарогі, не саступіў дарогу маршрутцы. Загінулых пры ДТЗ не было.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.