У выніку ДТЗ пад Бабруйскам шпіталізавалі чатырох жанчын
Аварыя пад Бабруйскам / УУС Магілёўскага аблвыканкама
У выніку аварыі, якая здарылася на трасе Бабруйск — Глуск, шпіталізавалі чатырох жанчын, перадае БЕЛТА са спасылкай на УУС Магілёўскага аблвыканкама.
Аварыя адбылася каля 9:30. Паводле папярэдняй інфармацыі, 47-гадовы кіроўца трактара, выязджаючы з другараднай дарогі, не саступіў дарогу маршрутцы — мікрааўтобусу "Фальксваген", якім кіраваў 40-гадовы мужчына. У момант аварыі ў маршрутцы былі 20 чалавек.
На месца здарэння прыбылі 10 аўтамабіляў хуткай. Пасажыраў адвезлі ў больніцы Бабруйска. Як сказаў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Старавойтаў, у бальніцу забралі 10 дарослых, а таксама сямігадовае дзіця.
Цяпер шпіталізаваныя чатыры жанчыны, астатніх даабследуюць. Тых, каму не патрэбна шпіталізацыя, адправяць дадому, астатнія застануцца пад наглядам медыкаў. Па словах медыкаў, у дзіцяці выяўлены ўдар, яго даабследуюць у лякарні Бабруйска і пры неабходнасці таксама шпіталізуюць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.