Пасля прэс-канферэнцыі Зайдэса міліцыя затрымала журналістаў
Пасля сённяшняй прэс-канферэнцыі сузаснавальніка рэстарана каля Курапатаў Леаніда Зайдэса міліцыя затрымала двух журналістаў — супрацоўнікаў "Белсата" Кацярыну Андрэеву і Сяргея Кавалёва. Як інфармуе belsat.eu, яны вялі стрым з мерапрыемства, а пасля размаўлялі з актывістамі, якія ўсталёўваюць у Курапатах новыя крыжы. Калі Андрэева і Кавалёў ужо сыходзілі, да іх на запраўцы падышлі міліцыянеры і прапанавалі паехаць у Бараўлянскі аддзел міліцыі, каб скласці пратакол па факце "парушэння заканадаўства аб СМІ". На месцы складаць пратаколы праваахоўнікі не захацелі.