“Пасля забароны кніга “Гродназнаўства” стала ў горадзе нумарам адзін”

Еўрарадыё: Чаму ў Гродне атрымалася арганізаваць незалежную выдавецкую дзейнасць, а ў іншых рэгіёнах — не? Скажам, няма параўнальнага аналагу выдавецкай серыі “Гарадзенская бібліятэка”.


Эдуард Дзьмухоўскі: Калі браць гістарычна і параўноўваць Гродна з Магілёвам, Віцебскам, Полацкам, то Гродна на фоне гэтых гістарычных месцаў выглядае амаль як вёска. Бо ў Гродне быў замак, куды любілі прыязджаць каралі, вялікія князі, розныя першыя асобы нашай дзяржавы, для іх тут быў адпачынак, паляванне. Той жа Магілёў — гэта ўсходнееўрапейскі горад з глыбокімі магдэбургскімі традыцыямі, цэхамі, на скрыжаванні гандлёвых шляхоў. А калі мы возьмем малюнкі Напалеона Орды, то Віцебск больш уражвае, чым Гродна. Таму проста трэба рабіць сваю справу, мы вырашылі, што можам гэта рабіць, і ў нас атрымалася. Гродзенскую гісторыю таксама можна і трэба даследаваць, пісаць і друкаваць кніжкі бясконца. А ва ўсіх гарадах, якія я пералічыў, можна рабіць гэта яшчэ з большым імпэтам, большым размахам, таму што гэта былі сапраўдныя гандлёва-рамесніцкія, палітычныя цэнтры нашай дзяржавы.

Еўрарадыё: Колькі за 6 гадоў серыяй “Гарадзенская бібліятэка” было выдадзена кніг, і якімі выданнямі найбольш ганарыцеся?


Эдуард Дзьмухоўскі: На сённяшні момант выйшла больш за 20 пазіцый, мяне як гісторыка больш, канечне, цікавіць гістарычныя кнігі: “Рыцары і дойліды Гародні” Алеся Краўцэвіча. Кніга аформленая знакамітым беларускім мастаком Татарнікавым. Таксама аўтарскія працы “Гродназнаўства” і “Біяграфіі гарадзенкіх вуліц” ці “Магдэбургская Гародня” Юрыя Гардзеева.

Еўрарадыё: Ці адчуваеце, што гродзенцы чакаюць выхаду новых кніг? Ці існуе попыт?


Эдуард Дзьмухоўскі: Так, гродзенцы чакаюць нашых новых кніг. Бо мы станоўча зарэкамендавалі сябе. Яны чакаюць ад нас добрай і цікавай кнігі.

Еўрарадыё: А хто чытач кніжнай серыі “Гарадзенская бібліятэка”: гэта беларускамоўны інтэлігент? Ці кніга трапляе ў рукі рускамоўнай аўдыторыі?


Эдуард Дзьмухоўскі: Гэта проста гродзенцы ад малога да вялікага. Залежыць ад цікаўнасці, калі чытач цікавіцца нашымі знакавымі класікамі літаратуры заходняй Беларусі: Геніюш, Быкаў, Карпюк, то набываюць гэтыя пазіцыі. Вядома, у топе цяпер гістарычная літаратура, якая тычыцца нашага горада.

Еўрарадыё: Падчас дыскусіі пра гістарычную беларускую кнігу казалі, што распаўсюджваць кнігі ў Беларусі даволі складана. Як будзеце працаваць далей, пасля сумна вядомых рэпрэсій супраць аўтараў “Гродназнаўства”, і пасля таго, як кнігі і часопісы “Архэ” былі канфіскаваныя падчас прэзентацыі ў Гродне?


Эдуард Дзьмухоўскі: Мы перад сабой не ставім мэты, каб кніжная серыя стала нейкім бізнэс-праектам.

Еўрарадыё: Ці можна неяк выкарыстаць пераслед кнігі “Гродназнаўства” на сваю карысць, бо кніга стала пазнавальнай?


Эдуард Дзьмухоўскі: Сапраўды, кніга стала больш вядомая, і стала нумар адзін, але асноўная праблема — гэта аўтары, якія працуюць і ствараюць гэтыя кнігі. Кандыдат гістарычных навук Андрэй Чарнякевіч быў звольнены з працы, а ў нашых умовах гэта вялікая праблема, бо страчаная і праца, і статус выкладчыка, чалавек фактычна апынуўся на вуліцы. Далей, мы будзем усё ўлічваць, будзем бараніцца, магчыма, нашы аўтары будуць друкавацца пад псеўданімамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі