Пасол Польшчы распавёў, чаму буксуюць візавыя перамовы Беларусі з ЕС
Перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўрасаюзам тармозяцца праз тое, колькі консулаў можа быць пры амбасадах. Пра гэта ў інтэрв'ю парталу tut.by распавёў Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі.
Польскі дыпламат лічыць, што пасля спрашчэння візавага рэжыму стане больш ахвочых атрымаць візы. "Нам спатрэбіцца больш консулаў. І мы думалі, што ў гэтым пытанні знойдзем разуменне з беларускага боку, але нечакана з'явіліся праблемы", — тлумачыць Міхальскі.
На днях міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што пры перамовах Беларусі з ЕС наконт пагадненняў аб рэадмісіі і спрашчэнні візавага рэжыму пастаянна ўзнікаюць "нейкія новыя моманты". Па яго словах, гэтыя новыя акалічнасці пастаянна ўзнікаюць з боку дзяржаваў ЕС.