Пастаўкі з Беларусі вызначаюць 92% незаконнага абароту цыгарэт у РФ — Коммерсант

На Смаленшчыне затрымалі чарговую партыю кантрабандных цыгарэт з Беларусі / smoldaily.ru
На Смаленшчыне затрымалі чарговую партыю кантрабандных цыгарэт з Беларусі / smoldaily.ru

Расійскія эксперты заяўляюць аб росце продажаў нелегальных цыгарэт з суседніх краін. Сёлета іх дынаміка ў палове рэгіёнаў Чарназем'я перавысіла агульнарасійскую. У Курскай вобласці кожны трэці пачак аказаўся ўвезены ў РФ у абыход акцызаў і пошлін. Эксперты тлумачаць такую сітуацыю блізкасцю рэгіёна да мяжы з Беларуссю, дзе цыгарэты каштуюць значна танней. Па даных мытнікаў, кантрабанда дастаўляецца на схеме "фіктыўнага транзіту", калі грузавікі з таварам не даязджаюць да ўмоўнага Афганістана (раней папулярным быў маршрут ў "Л/ДНР"), а разгружаюцца ў Расіі. Мытнікі адзначаюць "крэатыўнасць" кантрабандыстаў, піша "Коммерсант".

"У сувязі з усім вядомымі падзеямі, у заходнія рэгіёны [РФ] больш актыўна, чым раней, дастаўляецца беларуская прадукцыя, — кажа намеснік дырэктара Нацыянальнага навуковага цэнтра кампетэнцый у сферы процідзеяння незаконнаму абароту прамысловай прадукцыі Байсолт Хамзатаў. — Межы Рэспублікі Беларусь таксама нейкім чынам заблакаваныя, яны не адпраўляюць цыгарэты ў еўрапейскія краіны, таму вырашылі накіраваць увесь паток да нас".

Па словах Хамзатава, пастаўкі з Беларусі вызначаюць 92% незаконнага абароту цыгарэт у Расіі. З іх 2/3 — "легальныя ў прававым полі суседняй краіны фабрычныя пачкі з акцызнымі маркамі РБ", астатнія — без акцызаў. Яшчэ 4,7% кантрабандных цыгарэт прыпадае на Арменію, дзе яны даражэйшыя за беларускія, але таннейшыя за расійскія (мінімальны кошт пачкі цыгарэт у РФ 112 расійскіх рублёў, у РБ — 30, у Арменіі — 57). У расійскай паліцыі адзначаюць павелічэнне колькасці армянскай прадукцыі, а таксама цыгарэт з Казахстана і ААЭ. Расійскія сілавікі кажуць, што спробы наладзіць супрацоўніцтва з беларускімі калегамі ў справе спынення кантрабанды вынікаў не даюць: "У асноўным працягваем працаваць сваімі сіламі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі