Паўла Севярынца ў Курапатах затрымалі за "непадпарадкаванне ДАІ"
Увечары 12 снежня каля рэстарана "Поедем поедим" побач з Курапатамі былі затрыманыя сустаршыня аргкамітэта партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павал Севярынец і актывіст Сяргей Анянкоў.
У каментары Радыё "Свабода" Севярынец паведаміў, што затрыманых абвінавацілі ў непадпарадкаванні ДАІ. "Міліцыянтаў выклікаў наведнік, якога мы неаднойчы бачылі: ён прыязджае на аўтамабілі з нумарам "1945" і заўсёды шукае магчымасці ўчыніць скандал. Гэтым разам адмовіўся браць у нас буклеты пра Курапаты і пакінуць аўтамабіль на ўездзе. Пачаў скандаліць і выклікаў супрацоўнікаў ДАI. Гэта чарговая правакацыя супроць нас", — заявіў палітык.
Відэа затрымання апублікаваў у Фэйсбуку актывіст Зміцер Казакевіч. На ім бачна, як міліцыянт сцвярджае, што Севярынца вінавацяць у непадпарадкаванні законным патрабаванням супрацоўніка ДАІ, а сам Севярынец заяўляе, што ніякіх патрабаванняў не было.
Дарэчы, на самога Казакевіча інспектар ДАІ Аляксей Трапезнікаў склаў пратакол за тое, што той не прапускаў у рэстарацыю аўтамабіль Audi, але яго не затрымалі. Па словах Казакевіча, Трапезнікаў сфальсіфікаваў справу супраць Севярынца і Анянкова.