Павел Цыняўскі заявіў, што забіў Саламаціну за адмову ад сэксу
Але спачатку ён даў непраўдзівыя паказанні, што ўсё зрабіў з-за коткі.
У чацвер, 22 студзеня, суд Фрунзенскага раёна Мінска пачаў разгляд гучнай справы аб жорсткім забойстве 18-гадовай Юліі Саламацінай. Ураджэнка Смалявіцкага раёна жыла і працавала ў сталіцы, збіралася паступаць ва ўніверсітэт. 18 ліпеня мінулага года яна паехала на сустрэчу з хлопцам, з якім пазнаёмілася ў сацсетках, і знікла. Як было высветлена, 25-гадовы мінчук падчас сваркі забіў дзяўчыну. З дапамогай маці ён схаваў яе цела ў лесе ў рысе горада.
Маладога чалавека абвінавачваюць не толькі ў забойстве, але і ў пашкоджанні афіцыйных дакументаў (яму пагражае да 15 гадоў зняволення), маці — у перахоўванні асобы, якая ўчыніла цяжкае злачынства.
Абвінавачаны ў забойстве 26-гадовы Павел Цыняўскі і яго маці Галіна сядзяць у клетцы. Яны цалкам прызналі сваю віну. Абвінавачаны адмовіўся даваць паказанні, таму будуць зачытваць паказанні, дадзеныя ім падчас следства.
Паводле слоў Цыняўскага, калі Саламаціна прыехала, ён быў моцна п'яны: "Мы размаўлялі на кухні. Потым пайшлі ў пакой. Я быў ужо вельмі п'яны. Раптам яна ненаўмысна наступіла на котку. Я раззлаваўся і ўдарыў яе рукой у плячо. Яна ўпала і стукнулася скронню аб стол. Устала, выпрамілася і закрычала. Потым яна ўпала і пачала біцца ў канвульсіях. Я спалохаўся. Калі Юля памерла, я патэлефанаваў маці і сказаў прыехаць. Не расказаў, што адбылося, толькі папрасіў прыехаць".
Высветлілася, што гэта непраўдзівыя паказанні, што ўсё ён зрабіў з-за коткі. У іншых паказаннях абвінавачаны заявіў, што ўдарыў дзяўчыну пасля яе адмовы ад аральнага сэксу.
Як расчляняў цела, мужчына не памятае. Быў ужо цвярозы, але, нібыта, мае правалы ў памяці.
У паказаннях Цыняўскі распавядае падрабязнасці таго, як яны замяталі сляды:
"Цела пасеклі на дробныя кавалкі. Палілі ў лесе ўсю ноч з дапамогай дроваў знойдзеных там. Пасля засталіся толькі косці, якія пасек на дробныя кавалкі і закапаў у пакеце ў лесе. Потым выносілі і палілі рэчы Юлі, акрываўленыя шпалеры і мэблю".
Потым паехаў на Ждановічы, дзе зламаў і выкінуў тэлефон Юлі. Разам з маці паехалі электрычкай у бок Маладзечна. Выйшлі на нейкай станцыі і начавалі некалькі дзён у лесе. Маці чытала Біблію. Потым вырашылі паехаць у Бягомль, каб развітацца з бабуляй і цёткай. Там патэлефанаваў ён участковаму і здаўся.
Пракурор зачытвае іншы том справы. Там паказанні абвінавачанага іншыя. Ён распавядае, што прапанаваў дзяўчыне заняцца аральным сексам, а калі яна адмовіла, то ўдарыў. Потым быў вельмі п’яны і памятае, як душыў. Далей паказанні такія ж.
Падазраваны распавядае, што ў вечар перад забойствам купіў 3 бутэлькі гарэлкі. Колькі выпіў не памятае, але дакладна больш за пляшку.
Фота: Еўрарадыё, kp.by