Пажар у Руанскім саборы ўдалося лакалізаваць
Руанскі сабор
Пажар на шпілі Руанскага сабора ўдалося лакалізаваць, паведаміла прэфектура Нармандыі. Наведвальнікаў эвакуіравалі з сабора.
"Пажар успыхнуў на верхавіне шпіля, які зроблены не з дрэва, а з металу", — паведамілі ў прэфектуры журналісту агенцтва AFP.
Шпіль загарэўся сёння ўдзень, у сеціве хутка распаўсюдзіліся фота чорнага дыму, які ўздымаецца з-пад будаўнічых лясоў. Крыніца пажару пакуль невядомая.
У выратаванні сабора ўдзельнічала каля 70 пажарных, былі задзейнічаныя 40 пажарных машын.
Руанскі сабор узводзілі на працягу некалькіх стагоддзяў. Некаторым часткам гэтага будынка больш за 900 гадоў, піша ВВС. У перыяд з 1876 да 1880 года гэта быў самы высокі будынак у свеце. Вы маглі бачыць Руанскі сабор на некалькіх карцінах мастака-імпрэсіяніста XIX стагоддзя Клода Манэ. Цяпер будынак праходзіць праз маштабную рэстаўрацыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.