Пенсіянерам, якія выходзяць на пікеты, выстаўляюць штраф у… чатыры пенсіі

Пенсіянерам, якія выходзяць на пікеты, выстаўляюць штраф у… чатыры пенсіі

За ўдзел у двух пікетах у Мінску на плошчы Свабоды бабруйская пенсіянерка Любоў Санкевіч мусіць выплаціць штраф у 50 базавых велічынь — гэта 10 мільёнаў 500 тысяч недэнамінаваных беларускіх рублёў. Пенсія Любові Міхайлаўны — 2 мільёны 913 тысяч.


"Ну, калі заплаціць за камуналку 400 тысяч, плюс набыць лекі — каля мільёна ў месяц выходзіць, думаеце, хапае на жыццё?" — задаецца рытарычным пытаннем Любоў Міхайлаўна. Яна жыве разам са старэнькай маці і дапамагае дзвюм унучкам: маці іх памерла, а заробак бацькі далёка не зайздросны.

Пенсіянерам, якія выходзяць на пікеты, выстаўляюць штраф у… чатыры пенсіі
На фота Радыё Свабода Любоў Санкевіч

На пікеты ў Мінску Любоў Санкевіч выходзіць разам з актывістамі Грамадскай ініцыятывы "Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры", якая з 2007 года дамагаецца дыялогу з уладамі: хоча давесці чыноўнікам пра свае праблемы. Тыя адказваюць "адпіскамі". У часы, калі адміністрацыяй прэзідэнта кіраваў Уладзімір Макей, а пракурорам быў Рыгор Васілевіч, актывістам далі слова, многія крымінальныя і адміністратыўныя справы былі перагледжаныя. Аднак, кажа таксама аштрафаваная ўдзельніца ініцыятывы, юрыст Тамара Сяргей, у 2016 годзе "дзяржава не хоча чуць сваіх грамадзян", таму і спрабуюць збіць імпэт пенсіянераў штрафамі.

 

Пенсіянерам, якія выходзяць на пікеты, выстаўляюць штраф у… чатыры пенсіі

"Мы ніколі не выходзім на пікетаванне, парушаючы закон аб масавых мерапрыемствах. Мы заўсёды гэта робім, загадзя напісаўшы ва ўстаноўленай форме і парадку заяву ў Мінгарвыканкам, але атрымліваем адмову без тлумачэнняў, — кажа Тамара Сяргей. — У 2015 годзе выходзілі двойчы пасля таго, як кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Косінец у дзень асабістых прыёмаў адмовіўся нас прыняць. Нас не штрафавалі і не затрымлівалі. Цяпер сітуацыя пагоршылася".

Косінец не прымае актывістаў і 31 сакавіка. Яны ідуць на плошчу Свабоды з плакатамі. За гэты пікет аштрафаваныя 5 чалавек. Трое мусяць выплаціць дзяржаве па 20 базавых, Тамара Сяргей, як арганізатар пікету, — 40. Любоў Санкевіч — 30: яна не з'яўляецца на суд, бо хварэе. Пікет 12 траўня абыходзіцца бабруйскай пенсіянерцы яшчэ ў 20 базавых. Любоў Міхайлаўна прызнаная вінаватай у здзяйсненні правапарушэння, якое гучыць так: 


"Парушэнне ўстаноўленага парадку арганізацыі ці правядзення сходаў, мітынгаў, вулічнага шэсця, дэманстрацый і пікетавання, —тлумачаць Еўрарадыё ў судзе горада Бабруйска. — Пакаранне, прадугледжанае артыкулам 23.34 ч. 2 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях РБ, — штраф у памеры ад 20 да 40 базавых велічынь ці адміністратыўны арышт. То бок, мінімум 20 базавых. Гэты мінімум суддзя і прызначыла, бо менш 20-ці па артыкуле не прадугледжана. Тым больш, віна яе даказаная".

 

Пенсіянерам, якія выходзяць на пікеты, выстаўляюць штраф у… чатыры пенсіі
Аляксандр Каваленка з Бабруйску падчас пікета на плошчы Свабоды

Нейкіх "зніжак" для пенсіянераў, якія прагнуць публічнага выказвання, суды не маюць. Агулам сума, на якую "напікетавалі" пенсіянеры за вясну, складае 22 мільёны 730 тысяч "старых" рублёў.


"Здавацца" і выплачваць штраф дзяржаве яны не збіраюцца: маўляў, суды мусяць штрафаваць гарадскія ўлады, якія адмаўляюць грамадзянам ў канстытуцыйным праве на мірны пратэст. Таму звяртаюцца ў судовыя органы з касацыйнымі абскарджаннямі прыгавораў. Калі ж абскарджванні і скаргі не прынясуць плёну, Любоў Санкевіч таксама не збіраецца выплачваць штраф "у растэрміноўку": па 20% з пенсіі:

"Няхай саджаюць у турму: мне няма за што плаціць!".


Цікава, што за шэсце па вуліцы ў Пінску і спевы пад барабан нядаўна судзілі крышнаіта. Таксама нібыта за парушэнне закона аб масавых мерапрыемствах па артыкуле 23.34 КоАП, толькі яго першай часткі. Праўда, у адрозненне ад пенсіянерак, выканаўцы крышнаіцкіх гімнаў прызначаюць усяго... дзве базавыя велічыні штрафу. То бок, актыўным крышнаітам быць у Беларусі не так накладна, як актыўным пенсіянерам.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі