Перад абменам тыдзень адкормлівалі — украінка расказала пра турму ў РБ

Турма, ілюстрацыйнае фота

Турма, ілюстрацыйнае фота / sb.by

Украінка Людміла Ганчарэнка, якую ў чэрвені вызвалілі па абмене з расійскімі ваеннапалоннымі, расказала DW, як сядзела ў зняволенні ў Беларусі. Ганчарэнка вызвалілі ў ліку пяцярых грамадзян Украіны.

Затрымалі жанчыну 19 ліпеня 2023 года ў Брэсце. У яе тэлефоне знайшлі некалькі фота расійскіх вайскоўцаў і тэхнікі і абвінавацілі ў "агентурнай дзейнасці" (арт. 358-1 КК РБ). Ганчарэнка асудзілі на тры гады калоніі. У закладніках у рэжыму Лукашэнкі апынуліся яе сын, сястра і пляменнік.

Сястра Наталля Ярашэнка апынулася ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) у Гомелі, непаўналетніх сына і пляменніка дапыталі. Пасля арышту мацярок дзеці знаходзіліся ў знаёмай Людмілы, а выехаць з Беларусі змаглі толькі праз тыдзень. Ва Украіну яны дабіраліся самастойна праз Польшчу.

Ганчарэнка кажа, што яе шантажавалі свабодай 13-гадовага сына. Казалі, калі жанчына падпіша патрэбныя паперы, дзіця адпусцяць, а пры яе нязгодзе хлопчыка адправяць у беларускі дзіцячы дом, а калі яму споўніцца 14 — пасадзяць.

Сястра Людмілы Наталля Ярашэнка правяла ў гомельскім ІЧУ 147 сутак. Яе дапытвалі, праверылі на паліграфе. Шэсць сутак жанчыну трымалі ў карцары. Калі ёй стала кепска праз высокі ціск, выклікалі доктара і вярнулі яе ў звычайную камеру. За пяцьь месяцаў у яе не было ні прагулак, ні перадач. Толькі адна знаёмая беларуска дамаглася права перадаваць Наталлі штотыдзень 300 г сала і 300 г каўбасы. Урэшце жанчыну дэпартавалі ва Украіну з забаронай прыязджаць у Беларусь пяць гадоў.

Тым часам Ганчарэнка была ў СІЗА №3 Гомеля. Яна кажа, што яе не білі, але ўмовы былі жудасныя. Потым яе асудзілі на тры гады калоніі.

18 красавіка 2024 Ганчарэнка выклікалі ў адміністрацыю калоніі, каб яна напісала прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. "Ужо было ўсё напісана, трэба было толькі папрасіць прабачэння ў прэзідэнта і беларускага народа, распісацца і паставіць дату", — згадвае украінка.

13 чэрвеня яе вывезлі з калоніі мінскія сілавікі: "Надзелі бярушы, навушнікі, павязку, каб я не разумела, куды еду, рукі завязалі сця'жкамі". Жанчыну і яшчэ трох укранцаў, падрыхтаваных для абмену, прывезлі ў катэдж пад Мінскам. Там іх, паводле Ганчарэнка, тыдзень адкормлівалі. Побач увесь час былі сілавікі: "Хто яны, мы не ведалі, яны маскі не здымалі, з намі не размаўлялі, толькі пыталіся, што нам трэба паесці або папіць".

22 чэрвеня украінцаў зноў павезлі — цяпер у бок мяжы. Калі мікрааўтобус спыніўся, зайшоў сілавік, які сказаў, што Лукашэнка іх памілаваў. Ён дадаў, што праз гадзіну яны будуць дома, бо іх памянялі на аднаго святара і трох расійскіх ваеннапалонных. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі