Песні Shuma і Alekseev правяраюць юрысты
15 студзеня шэсць фіналістаў беларускага адбору на "Еўрабачанне-2018" заявілі, што адмовяцца ад удзелу, калі Белтэлерадыёкампанія не дыскваліфікуе ўкраінскага спевака Мікіту Аляксеева. А сёння яны прыйшлі на лёсаванне і вызначыліся, хто за кім выйдзе на сцэну ў фінале. Праўда, дамовы на ўдзел у фінале падпісалі не ўсе: артысты па-ранейшаму хочуць, каб нацыянальны радыёвяшчальнік разабраўся з песнямі, якія парушылі рэгламент конкурсу.
"Нашы лепшыя музыкі распісалі партытуры абедзьвюх песень Мікіты Аляксеева — ён сапраўды выконваў песню "Навсегда" у камерцыйных мэтах да 1 верасня, — кажа ў размове з Еўрарадыё Гюнэш. — Хочацца проста справядлівасці, а не таму, што мы, артысты, спужаліся моцнага саперніка. Не. Гэта добры артыст, цікавы камерцыйны праект, мне сімпатычныя яго песні. Але мне не падабаецца, што каманда Аляксеева і асабіста артыст Аляксееў падманваюць нас, беларусаў. Так нельга".
Як раней паведамляла Еўрарадыё, шасцёра фіналістаў адправілі прыватны ліст кіраўніку адбору Вользе Шлягер. У ім яны выказалі прэтэнзіі да Белтэлерадыёкампаніі, якая, на іх думку, не рэагуе на відавочныя парушэнні рэгламенту конкурсу з боку ўкраінскага спевака Мікіты Аляксеева. У лісце артысты прыгразілі, што не падпішуць дамовы на ўдзел у фінале, калі кіраўніцтва адбору не дасць уцямны адказ наконт сітуацыі.
"Белтэлерадыёкампанія нам нічога не адказала: сітуацыя роўна на тым месцы, дзе яна была ўчора-пазаўчора. Нам выдалі на рукі дамовы для азнаямлення і далі тыдзень на роздумы. Інфармацыі няма. Зыходзячы з гэтага, мы б увогуле не хацелі ўдзельнічаць", — кажа расчараваны вынікамі перамоў прадзюсар расійскай удзельніцы адбору Соф'і Лапінай Сяргей Кім.
Але Белтэлерадыёкампанія не спяшаецца: ужо некалькі дзён праводзіць праверку наконт "цнатлівасці" песні Аляксеева, кансультуецца з юрыстамі і арганізатарам "Еўрабачання" — Еўрапейскім вяшчальным саюзам.
"Зразумейце, што гэта не справа аднаго дня", — тлумачаць у прэс-службе.
Дарэчы, заадно нацыянальны радыёвяшчальнік вырашыў праверыць і песню гурта Shuma, тэкст песні якой — народны, што таксама не дазваляе рэгламент конкурсу. Праўда, па інфармацыі Еўрарадыё, Shuma ужо змяніла народны тэкст на свой уласны.
Фінал адбору прызначаны на 16 лютага. Еўрарадыё працягне сачыць за сітуацыяй.
P.S. Адна з фіналістак расіянка Соф'я Лапіна ў выніку адмовілася ад далейшага ўдзелу ў беларускім адборы. Сваю заяву Соф'я агучыла ў жывым эфіры Еўрарадыё:
"Мы хочам паведаміць, што ўсё ж вырашылі зняцца з фіналу адборачнага тура. Я, як артыст, які паважае сябе, не хачу быць дэкарацыяй на чужым свяце жыцця".
Астатнія "пратэстоўцы" працягваюць рыхтавацца да фіналу.