“Пейсаты-хол” і расійскі спецназ у Курапатах. Кароткі пераказ артыкула Пазняка

“Пейсаты-хол” і расійскі спецназ у Курапатах. Кароткі пераказ артыкула Пазняка

Калі б нас папрасілі ў двух словах перадаць змест артыкула Зянона Пазняка пра рэстаран “Поедем поедим”, мы б выбралі такія: паўсюль здраднікі. Ад Зянона атрымалі і ўладальнікі рэстарана, і абаронцы Курапатаў, і беларускія ўлады, і расійскія дыверсанты. Стоп… адкуль там расійскія дыверсанты?!

Еўрарадыё падрыхтавала для вас кароткі суб’ектыўны пераказ таго, пра што напісаў Зянон Пазняк. З рысункамі і каментарамі.

1. Пазняк лічыць рэстаран "Поедем поедим" часткай аперацыі Расіі па захопе Беларусі. Таксама рэстаран можа быць логавішчам мясцовых псеўдасатаністаў, постмадэрністаў-абстракцыяністаў, аматараў богазневажальнага сучаснага мастацтва, фанатаў перформеркі Марыны Абрамавіч і расчараваных снобаў. Гучыць як завязка сюжэту чарговага серыяла для Netflix ці HBO.

2. Зянон Станіслававіч мяркуе, што эміграцыйны крымінал і асабліва савецкія габрэі знаходзяцца пад кантролем Лубянкі. А хто ўладальнікі рэстарана? Габрэйскія бізнесмэны з Амерыкі, Ізраіля, Кіпра і Расіі! Відавочная сіянісцка-масонска-фээсбэшная змова!

3. Спадар Зянон задаецца пытаннем, чаму Леанід Зайдэс — адзін з саўладальнікаў “Поедем поедим” — не назваў рэстарацыю "Пейсаты-хол". На думку старшыні КХП-БНФ, гэта было б дасціпна! Да таго ж тады б Зайдэс мог абвінаваціць самога сябе ў антысемітызме. Але пакуль за гэты тэкст можна абвінаваціць у антысемітызме толькі Зянона Пазняка.

4. Прыгледзеўшыся да будынкаў "Поедем поедим", Пазняк прыходзіць да высновы, што аб'ект пабудаваны па нетыповай для рэстарана схеме вайсковага гарнізона. І служыць прыкрыццём для роты расійскага спецназу. Акрамя яе, усе ўладальнікі, персанал, ахова і частка чыноўнікаў, што “абслугоўваюць” рэстаран, з'яўляюцца агентамі расійскіх спецслужбаў.

"Рэстарацыя толькі прыкрыццё для дыверсійнай аперацыі, якая падрыхтоўваецца ў рамках гібрыднай вайны”, — упэўнены Зянон Пазняк.

“Пейсаты-хол” і расійскі спецназ у Курапатах. Кароткі пераказ артыкула Пазняка
Зялёныя чалавечкі ў Крыме. Фота: styler.rbc.ua

4. Значная частка артыкула Зянона Пазняка прысвечаная сатанізму, масонскай эстэтыцы і некрамантыі ў “Поедем поедим”. І тут пачынаецца самае цікавае. Тое, што піша Пазняк, увогуле выглядае як чарнавік для серыі кніг пра сатаністаў, Курапаты і цёмных калдуноў-некрамантаў з ФСБ. Быў бы бэстсэлер. Шукайце на палічках ва ўсіх кнігарнях! А можна было б прадаць сцэнар каналу HBO ці Netflix — тэма перспектыўная.

5. Зянон Станіслававіч звяртае ўвагу, што слоган "BULBASH AUTHENTIC SPIRIT" у зале рэстарацыі асацыюецца са слоганам "SPIRIT COOKING DINNER" з перформансу псеўдамастачкі і псеўдасатаністкі Марыны Абрамавіч.

"Сутнасць яе “вячэры, якую рыхтуе Дух” у тым, што спадарыня змешвае жаночую менструальную кроў, мачу, мужчынскую сперму, жаночае грудное малако, часам фекаліі і свіную кроў і гэтай сумессю піша на белай сцяне розныя абсурдальныя тэксты ў манеры масонскай эзатэрыкі", — падрабязна апісвае перформанс лідар КХП-БНФ Зянон Пазняк, смакуючы дэталі. На жаль, ён не ідзе далей і не распавядае, што слоган “Поедем поедим” — толькі шырма, анаграма, за якой хаваецца загавор для выкліку Сатаны. Недапрацавалі, Зянон Станіслававіч!

Пакінем за дужкамі той факт, што спадар Зянон адрываецца ад клопату за Радзіму на прагляд перформансаў Марыны Абрамавіч. Але тут ён выступае з хрысціянскай пазіцыі, як сапраўдны крытык сучаснага мастацтва. Па гэтай частцы відаць, што калі б не палітычныя амбіцыі, Зянон Станіслававіч змог бы стаць культурным крытыкам і аналітыкам. Фігурай, не меншай за Максіма Жбанкова!

6. Галава раскрыжаванай "бульбашоўскай" каровы нагадвае Зянону Станіслававічу галаву Бафамета — казла-андрагіна, які з’яўляецца адной з выяваў д’ябла. Адно з абвінавачанняў, выстаўленых тампліерам, было менавіта ва ўшанаванні Бафамета.

“Пейсаты-хол” і расійскі спецназ у Курапатах. Кароткі пераказ артыкула Пазняка

7. На думку Пазняка, “аферысты” трымаюцца за месца ў ахоўнай зоне каля месца масавых расстрэлаў, бо, магчыма, ведаюць нешта пра некрамантыю! Пакінем за дужкамі тое, што, каб рабіць такую здагадку, нешта ведаць пра некрамантыю мусіць і сам Зянон Станіслававіч. Атрымліваецца, расійскаму спецназу мусяць дапамагчы зомбі?

8. Выснова: рэстаран разлічаны на "authentic Satanists ды на authentic аматараў НКВД, Леніна, Сталіна і рускага свету". Пазняк ставіць знак роўнасці паміж сатаністамі і прыхільнікамі "саўка", рэпрэсій і масавых забойстваў. І не можа выдумаць лепш.

9. Абаронцы Курапатаў, на думку Пазняка, — прыхільнікі хрысціянскіх ідэалаў. І вось ужо вымалёўваецца новы канфлікт: супрацьстаянне паміж хрысціянамі і сатаністамі за “месца сілы” — Курапаты. Трэба чакаць расчахлення старажытных артэфактаў і святых мошчаў!

10. Каб выклікаць сатаністаў, рэстаран перапоўнены адпаведнымі сімваламі, на якія яны злятаюцца як матылькі на ліхтар: масавыя магілы (Курапаты), раскрыжаваная карова з галавой Бафамета і асацыятыўны пароль "BULBASH AUTHENTIC SPIRIT", плюс гарэлка ў бутэльцы-кулі (насамрэч яна налітая ў артылерыйскі снарад), каньяк у бутэльцы-аўтамаце і лікёр у "пісталеце ТТ" (і тут у спадара Зянона адразу дзве памылкі, бо гэта не ТТ, а “сцечкін”, і не лікёр, а ізноў гарэлка).

11. Дашкевіч — правакатар. Абаронцы Курапатаў — агентура і экзальтаваныя асобы ўперамешку з патрыётамі. Пазняк не называе абаронцаў Курапатаў па імёнах. Але ў артыкуле відавочна вядзецца пра яго. Бо хто, як не Дашкевіч, без узгаднення з Грамадскай дырэкцыяй народнага мемарыялу, дэманстратыўна і ў агрэсіўнай форме ўсталёўвае крыжы з мэтай выклікаць санкцыі ўладаў і справакаваць канфлікт?

“Пейсаты-хол” і расійскі спецназ у Курапатах. Кароткі пераказ артыкула Пазняка
Дашкевіч усталёўвае крыж. Фота: svaboda.org

12. Ужо паўтара месяца каля брамы стаіць, на думку Зянона Станіслававіча, даволі сумбурная, але ўпартая варта пратэсту. У ёй агентура перамяшаная з патрыётамі і экзальтаванымі асобамі.

13. Ахова рэстарана — "зялёныя чалавечкі", якія захоплівалі Крым. Правакатары на машынах — расійскага паходжання. Больш за тое: яны нашчадкі расстрэльшчыкаў-энкавэдыстаў. Відавочна, на думку Пазняка, эмігранты-расіяне падзяляюцца на два тыпы: агентура і нашчадкі энкавэдыстаў. Часам яны сумяшчаюцца.

14. Рэстарацыю плануецца выкарыстоўваць для захавання зброі і канцэнтрацыі спецсілаў, якія можна нечакана і аператыўна скарыстаць пры абвастрэнні барацьбы за Курапаты, альбо пры спецаперацыі па змене ўлады (запомніце гэты пункт).

15. Пры гэтым рэжым Лукашэнкі, па словах Пазняка, "будзе дзейнічаць разам з дыверсантамі-расіянамі"! Таму неяк невідавочна, пра якую менавіта змену ўлады ідзе гаворка ў папярэднім пункце. Магчыма, пра ценявую масонскую ложу, якая таемна кіруе Беларуссю. Гэта шмат што патлумачыла б.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі