Піменаў: Магчыма, паліцыянт пажартаваў, што мяне "выдадуць Лукашэнку"

Беларускага палітуцекача Змітра Піменава, які з Бельгіі ехаў ва Ўкраіну, у ноч з 18 на 19 жніўня затрымалі польскія памежнікі. Каля васьмі гадзін яго пратрымалі ў пракуратуры горада Пшэмысль, а потым адпусцілі, не прад'явіўшы ніякіх абвінавачанняў. Пра затрыманне Еўрарадыё асабіста распавёў сам Зміцер Піменаў.

Піменаў: “Затрыманне праходзіла дэмакратычна, у рамках закону. Польскія памежнікі мне сказалі, што мусяць мяне затрымаць для праверкі. Яны тлумачылі гэта тым, што калісьці я быў у Варшаве і ўчыніў там нейкае злачынства. Але гэта мяне не спужала, бо да моманту затрымання ў Варшаве я ніколі не быў і, натуральна, дрэннага там нічога не мог ўчыніць. Толькі праз некалькі гадзінаў я зразумеў, што, магчыма, мяне затрымалі ў сувязі з тым, што я знаходжуся ў вышуку інтэрпола”.

Паводле слоў Піменава, у вышук праз інтэрпол яго падалі беларускія праваахоўныя органы. Калі ён жыў у Віцебску, яго абвінавацілі ў збіцці двух чалавек. Сам Зміцер Піменаў сцвярджае, што гэта была самааабарона, а сама сітуацыя была падобная на правакацыю.

Пасля затрымання Піменава ў Польшчы з'явілася інфармацыя, што яго могуць выдаць у Беларусь. Сам палітуцякач кажа, што гэта быў жарт паліцыянта.

Піменаў: “Думаю, з іхняга боку гэта быў просты жарт. Адзін з паліцэйскіх мне сказаў: “Лукашэнка лічыць цябе бандытам, і ты мусіш быць яму выдадзены”. Ён не сказаў, што бандытам мяне лічыць беларускі ўрад ці пракуратура, а менавіта Лукашэнка”.

Пакуль Зміцер Піменаў быў затрыманы, у яго абарону пачалі выступаць дзеячы беларускай дыяспары. Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла заклікала польскія ўлады вызваліць палітуцекача. І ён неўзабаве выйшаў на волю.

Піменаў: “Яны сказалі, што, па-першае, тых дадзеных, якія прадаставіў беларускі бок недастаткова, каб утрымоўваць мяне пад арыштам, а па-другое, я маю “жэнеўскі” пашпарт палітуцекача”.

Ці магла паўплываць на хуткае вызваленне Піменава справа праваабаронцы Алеся Бяляцкага? Палітуцякач не выключае, што і справа Бяляцкага, і справа Пачобута паўплывалі, асабліва, калі пра затрыманне сталі паведамляць СМІ.

Піменаў: “Падчас размоваў ніхто пра гэта не ўзгадваў. Я толькі магу  здагадвацца, што справа Бяляцкага неяк паўплывала на рашэнне супрацоўнікаў пракуратуры. Затое, яны добра ведалі пра справу Пачобута і казалі, што краіна, у якой затрымліваюць журналістаў за іх дзейнасць — "ненармальная". Пра Бяляцкага ў Пшэмыслі даведаліся толькі пасля таго, як падняўся шум наконт майго затрымання ў сродках масавай інфармацыі”.

У Варшаве Зміцер Піменаў наведаў сваіх знаёмых, а таксама пабываў на магілах вядомых беларускіх дзеячаў, пахаваных у польскай сталіцы. Цяпер шлях палітычнага ўцекача ляжыць у Бельгію.

На здымку: Зміцер Піменаў на магіле нарачонай Кастуся Каліноўскага Марыі Ямант на Паванзкоўскіх могілках у Варшаве.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі