Піневіч: да пачатку вясны мы пабачым эфект ад вакцынацыі
Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч прагназуе падзенне колькасці новых выпадкаў каранавіруса ў Беларусі да сярэдзіны-канца лютага. "Затым, магчыма, [будзе] невялікі рост, звязаны з прыходам звычайных эпідэмічных захворванняў, у прыватнасці, грыпу", — цытуе яго словы прэс-служба міністэрства. Піневіч лічыць, што да пачатку вясны ўжо можна будзе пабачыць "эфект ад вакцынацыі". Праўда, Сусветная арганізацыя аховы здароўя лічыць, што калектыўны імунітэт да каранавіруса не з'явіцца ў 2021 годзе, нават нягледзячы на распачатую вакцынацыю.
Міністр падкрэслівае, што "яшчэ да Новага года спецыялісты заўважылі ўстойлівую тэндэнцыю па зніжэнні захворванняў" (колькасць цяжкіх пацыентаў зніжаецца на 10-15%). І яна датычыць усіх рэгіёнаў нашай краіны. Таму частку бальніц паступова пачалі вяртаць да звычайнага рэжыму працы.
"З каранавірусам мы будзем жыць з высокай інтэнсіўнасцю да канца вясны", — казаў Дзмітрый Піневіч у эфіры АНТ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.