Плакат паклала ў рукаў курткі: Аўсяннікава аб тым, як уварвалася ў эфір "Время"
Марына Аўсяннікава / з асабістага архіва
Былая рэдактарка расійскага Першага канала Марына Аўсяннікава, якая праславілася на ўвесь свет, уварваўшыся з антываенным плакатам у прамы эфір праграмы "Время", расказала "Новай газете", як прыдумала гэтую акцыю.
Па словах Марыны, напад Расіі на Украіну яе настолькі шакаваў, што яна не магла ні есці, ні спаць. Першы тыдзень вайны быў у яе выхадны.
"А калі я выйшла на наступнай на працу, то на Першым канале была проста жахлівая атмасфера: выпускі навін [з прапагандай] ішлі нон-стоп, а перад маімі вачыма жа была [зусім іншая] карцінка з заходніх агенцтваў, таму што я зараз працую — дакладней, працавала — міжнародным рэдактарам.
Першы канал, вядома, іх не паказваў, але я назірала іх на працягу цэлага тыдня. І калі скончыўся працоўны тыдзень, я зразумела, што ўжо больш не прыйду на Першы, бо напішу заяву аб звальненні. У той момант у мяне было некалькі парываў пабегчы на акцыю пратэсту з плакатам, але я бачыла, што тых, хто выходзіць на вуліцу, неадкладна кідаюць у аўтазакі і вязуць у аддзяленне паліцыі. Тады ў мяне саспеў план, што я магу больш эфектыўны пратэст зладзіць”.
Марына адправілася ў краму — купіла ватман і фламастары. Дома намалявала плакат і запісала відэазварот. У панядзелак прыйшла на працу.
“Плакат ляжаў нейкі час у машыне, потым я яго занесла, паклаўшы ў рукаў курткі. Нікому не зразумела было, што там нешта ляжала. З курткай у руках я зайшла ў ньюсрум, хутка выцягнула плакат з рукава і пайшла з ім непасрэдна ў студыю. Міліцыянт не звярнуў на мяне ўвагі, бо такога за ўсе 50 гадоў існавання праграмы "Время" яшчэ не здаралася".
Аўсяннікава прызнаецца, што ёй было страшна. Яна баялася, што не зможа дастаць плакат: "задрыжаць каленкі" ці не атрымаецца прарвацца ў студыю.
Пасля таго, як Марыну затрымалі, яе адразу пачалі дапытваць, з якімі спецслужбамі яна працуе.
"Увогуле, яны не верылі, што гэтая гісторыя пра грамадзянскую пазіцыю, а вылучалі нейкія канспіралагічныя ідэі", — кажа Аўсяннікава.
Пакуль за антываенную акцыю Марыну Аўсяннікаву аштрафавалі на на 30 тысяч расійскіх рублёў (280 долараў). Жанчына не ўпэўнена, што гісторыя скончылася.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.