Плэй-оф Лігі чэмпіёнаў: БАТЭ — ПСВ — 2:3 (відэа)
21 жніўня на “Барысаў-Арэне” прайшоў першы матч плэй-оф футбольнай Лігі чэмпіёнаў. БАТЭ прайграў галандскаму ПСВ — 2:3.
Першыя хвілін 20 гаспадары поля дамінавалі, правялі нямала вострых атак, стварылі некалькі небяспечных момантаў, але забілі толькі аднойчы — на 9-й хвіліне вызначыўся фінскі легіянер Ясэ Туомінен. У асноўны склад ён трапіў з-за траўмы Мікалая Сігневіча і апраўдаў давер.
Пасля гэтага БАТЭ ўзяў перадышку, аддаў ініцыятыву, і ПСВ паказаў сваю сілу. Госці пачалі ствараць моманты, была штанга, фантастычны сэйв брамніка Дзяніса Шчарбіцкага. А на 35-й хвіліне абаронца Неманья Мілунавіч згуляў рукой у штрафной пляцоўцы — пенальці. Яго ўпэўнена рэалізаваў Гастан Перэйра. Першы тайм — 1:1. Ягор Філіпенка і Ігар Стасевіч атрымалі ў ім жоўтыя карткі.
У другім тайме БАТЭ паспрабаваў паўтарыць пачатак першага тайма, але ПСВ ужо гуляў інакш, часцей шукаў шанцы наперадзе. Зноў была штанга. На 62-й Ласана ўдарам здалёк выводзіць гасцей наперад. Гэты гол прымусіў барысаўчан ляцець наперад, каб адыграцца. А ПСВ толькі гэтага і чакаў — некалькі вострых контратак толькі цудам не завяршыліся галамі.
Замены, якія правёў Аляксей Бага, атаку барысаўчан істотна не ўзмацнілі (Скавыш замяніў Туомінена, Глеб — Драгуна, Валадзько — Іваніча). Госці ўтрымлівалі мінімальную перавагу. На 88-й хвіліне гол забівае Аляксандр Глеб! Не паспелі футбалісты БАТЭ і іх заўзятары парадавацца, як ПСВ забівае гол (вызначыўся Мален) — 2:3… Спробы зноў зраўняць лік у пяць даданых хвілін выніку не далі.
Матч у адказ прызначаны на 29 жніўня, ён пройдзе ў Эйндховене. І БАТЭ там будзе вельмі цяжка.
Пераможца супрацьстаяння выйдзе ў групавы раўнд Лігі чэмпіёнаў. Няўдачнік згуляе ў групавым турніры Лігі Еўропы.