"Плюнуць у твар — неразумны крок": як брэсцкая "апазіцыя" сэлфілася з Лукашэнкам
Лукашэнка і брэсцкая "апазіцыя" / president.gov.by
22 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка сустрэўся ў Брэсце з праціўнікамі будаўніцтва акумулятарнага завода. ДзяржСМІ паднеслі гэтую сустрэчу не інакш як "размову з брэсцкай апазіцыяй". Выглядала ўсё ідылічна. Лукашэнка паабяцаў паставіць пытанне аб заводзе на мясцовы рэферэндум ("хай народ сам вырашае, як на выбарах"). "Апазіцыянеры" так узрадаваліся, што паспяшаліся зрабіць фота з выратавальнікам горада ад шкодных выкідаў.
Між тым, блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў у той час, як Лукашэнка наведваў Брэст, працягвалі сядзець на сутках. Што за людзі ў іх адсутнасць сустракаліся з кіраўніком дзяржавы і пра што рэальна ішла размова? Мы распыталі пра гэта ўдзельнікаў сустрэчы.
Частку актывістаў не ўхваліла Служба бяспекі
На гэтым фота праваабаронца Раман Кісляк — у жоўтай футболцы і кепцы з надпісам "Жить". Пра сустрэчу з кіраўніком дзяржавы яму сказалі ўсяго за дзень — 21 чэрвеня, падчас чарговага "кармлення галубоў" — традыцыйнай нядзельнай акцыі праціўнікаў акумулятарнага завода. Проста пасярод плошчы Леніна да актывістаў падышоў супрацоўнік міліцыі і сказаў, што ў гарвыканкаме можна запісацца на сустрэчу з... Лукашэнкам.
Праверыць, ці не розыгрыш гэта, Кісляк вырашыў асабіста. Ён прыйшоў у гарвыканкам, чыноўнікі ўсё пацвердзілі і прапанавалі скласці спіс удзельнікаў.
"Першапачаткова быў узгоднены ўдзел 6 актывістаў. Мы прапанавалі пашырыць спіс — нам адмовілі. Але потым ператэлефанавалі і сказалі, што вырашылі склад пашырыць. Праўда, частку актывістаў адсеялі — нібыта не ўзгадніла Служба бяспекі. Напрыклад, Таццяну Фесікаву — гэта лекарка, якую звольнілі з працы пасля акцыі "Берасцейкі супраць свінцу" у 2018 годзе", — распавядае Кісляк.
"Ну мы ж з вамі дамовіліся"
Сустрэча з Лукашэнкам прайшла ў раёне 20:00 на пешаходнай вуліцы. На ёй прысутнічала каля 40 "грамадзянскіх", з іх 11 — праціўнікі запуску акумулятарнага завода. Астатнія — прадстаўнікі розных грамадскіх ініцыятыў.
"Галоўны апанент" выйшаў да беларускай апазіцыі хвілін на сорак. Першыя 15 — уступная прамова Лукашэнкі. Менавіта тады ён выказаўся пра рэферэндум, свае 3% і мецэната-жуліка. Астатні час занялі адказы на пытанні.
"Пытанні загадзя не ўзгадняліся — была магчымасць іх задаць. Я планаваў, але на першае ж пытанне быў такі адказ: "Давайце правядзём рэферэндум пасля выбараў, пасля збору ўраджаю". І ўсе наступныя пытанні на тэму вырашэння праблемы з заводам перапыняліся: "Ну, мы ж з вамі дамовіліся аб правядзенні рэферэндуму". У такіх умовах я зразумеў, што сэнсу задаваць сваё пытанне няма. Я ўбачыў, што да нас прыйшлі з гатовым рашэннем і праз гэтую сустрэчу яго агучваюць".
"Нармальны хлопец", але не апазіцыя
На сустрэчы прысутнічаў актыўны праціўнік завода АКБ Дзмітрый Бекалюк. Калі ён прадставіўся, каб задаць пытанне, Лукашэнка ажывіўся: "О, Бекалюк? Чуў пра такога. Нармальны хлопец — без маскі!" Аднак і Дзмітрый не змог атрымаць зразумелых адказаў на свае пытанні — маўляў, "усё вырашыць рэферэндум".
"Я сябе не прылічаю да апазіцыі. Я не знаходжуся ні ў адной палітычнай партыі. У сённяшніх выбарах я ні ў якой ініцыятыўнай групе не ўдзельнічаю. Гэта была выключна карцінка для СМІ — што я апазіцыя, — распавядае ён Еўрарадыё. — Сустрэча была з праціўнікамі акумулятарнага завода. Гаворка ідзе пра людзей, якія проста хочуць жыць тут".
Неадназначную рэакцыю ў сацсетках выклікала заканчэнне гэтай сустрэчы: групавое фота з Лукашэнкам. Дзіўны жэст і з боку "апазіцыі", і з боку берасцейцаў, якіх за амаль 2,5 гады барацьбы з заводам неаднаразова затрымлівала міліцыя.
Са слоў Бекалюка, сэлфі з кіраўніком дзяржавы было яго асабістай ініцыятывай:
"Я спытаў у яго, ці магу з ім зрабіць сэлфі? Мы, "акумулятаршчыкі", гэта зрабілі ў знак таго, што з намі лічацца, што з намі размаўляе прэзідэнт. З намі, а не з групай якой прыгнанай, БРСМаўцамі. Так, ёсць ўсмешкі на тварах. Што тут такога? На афіцыйных сустрэчах трэба ўсміхацца, а гэта была афіцыйная сустрэча. Зразумейце правільна, на дадзенай сустрэчы плюнуць у твар і сказаць, што ты незаконна абраны, — гэта быў бы самы неразумны крок. Таму што наша мэта — закрыць завод".
Як прызнаўся Бекалюк, нягледзячы на абяцанне Лукашэнкі пра рэферэндум, актывісты працягнуць свае пратэсты: "Асабіста я на плошчы буду знаходзіцца да таго часу, пакуль на завод не павесяць замок".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.