Полацкага навукоўца Ігара Бортніка арыштавалі паўторна — на 13 сутак
Ігар Бортнік / t.me/pozirkonline
Яшчэ 13 сутак арышту прысудзілі полацкаму навукоўцу Ігару Бортніку, піша ТГ-канал "Позірк". Такое рашэнне прыняў суд Наваполацка.
Супрацоўніка Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка асудзілі за публікацыі ў сацсетках, зробленыя ў 2019 годзе.
"У Наваполацкі гарадскі аддзел міліцыі прыйшла маці Ігара, таму што ў яго ў 8:35 заканчваўся тэрмін арышту. Яе пратрымалі ў міліцыі гадзіну, пасля чаго сказалі, што Ігар там "застаўся надоўга", — расказаў журналістам чалавек, знаёмы з сітуацыяй.
Кандыдата філасофіі Ігара Бортніка затрымалі на працоўным месцы 29 сакавіка і вывелі з будынка ў кайданках. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа правялі дома ў яго ператрус, разграміўшы кватэру.
Бортніка затрымалі, калі сілавікі зладзілі аблаву на полацкіх музейшчыкаў. Паводле інфармацыі СМІ, за два дні яны затрымалі 11 чалавек, з якіх пазней адпусцілі толькі трох-чатырох. Астатнім прысудзілі адміністрацыйны арышт.
Бортнік быў асуджаны на 10 сутак па абвінавачанні ў распаўсюдзе "экстрэмісцкай прадукцыі" ды мусіў выйсці на волю 8 красавіка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.