Польшча не плануе абмяжоўваць уезд асабістых аўто з беларускай рэгістрацыяй

"Не абмяжоўваць перасячэнне грамадзянамі Беларусі беларуска-польскай мяжы"

"Не абмяжоўваць перасячэнне грамадзянамі Беларусі беларуска-польскай мяжы" / pap.pl

Польшча не плануе абмяжоўваць уезд асабістых аўтамабіляў з беларускай рэгістрацыяй. Пра гэта ў тэлефоннай размове з намеснікам кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўлам Латушкам паведаміў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Латушка падкрэслівае, што размова адбылася з ініцыятывы Сікорскага.

Павел Латушка кажа, што міністр замежных спраў Польшчы падкрэсліў: Польшча аддзяляе беларускі народ ад рэжыму дыктатара Аляксандра Лукашэнкі. "Польшча прадпрымае дзеянні, каб змякчаць умовы для легалізацыі беларусаў; будзе прытрымлівацца пазіцыі не абмяжоўваць перасячэнне грамадзянамі Беларусі беларуска-польскай мяжы, — пераказвае словы Радаслава Сікорскага Лутушка. — Не плануе ўводзіць забарону на выкарыстанне асабістых аўтамабіляў з беларускай рэгістрацыяй і не плануе ажыццяўляць канфіскацыю аўтамабіляў з беларускай рэгістрацыяй, як гэта ажыццяўляецца ў дачыненні да аўтамабіляў з расійскай рэгістрацыяй".

Сікорскі нагадаў патрабаванні Польшчы да рэжыму Лукашэнкі: спыненне міграцыйнай вайны, выдача злачынцы, які ўчыніў забойства польскага салдата, вызваленне палітзняволеных у Беларусі, у тым ліку актывіста польскай меншасці Анджэя Пачобута.

Беларусы — еўрапейскі народ і будучыня беларускага народа — у агульным еўрапейскім доме, сказаў польскі міністр.

Новы пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі ЕС прыняў 29 чэрвеня. У рамках гэтых санкцый ў ліпені Латвія і Літва забаранілі ўезд легкавікоў з беларускімі нумарамі (у Літве дзейнічае адтэрміноўка да 16 жніўня). Аналагічную забарону ўвяла Эстонія.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі