Польшча забараніла ўезд для больш чым 10 беларускіх чыноўнікаў
Лех Качыньскі зацвердзіў план дзеянняў польскага ўрада адносна Беларусі
Пасля сустрэчы з Лехам Качыньскім міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што прэзідэнт зацвердзіў план дзеянняў польскага ўрада адносна Беларусі. Праўда гэты план Радаслаў Сікорскі вырашыў пакуль пакінуць у таямніцы.
Аднак першы пункт плана МЗС ужо выканаў — “чорны спіс” беларускіх чыноўнікаў, неўязных у Польшчу пачне дзейнічаць ужо ўначы з 15 на 16 лютага, паведаміў журналістам кіраўнік польскага МЗС.
Радаслаў Сікорскі: “Асобы, якія бралі ўдзел у разбіванні дэмакратычна выбранага Саюза палякаў на Беларусі, а таксама беларускія чыноўнікі, якія кантралююць акцыі міліцыі, ад поўначы ў панядзелак не маюць права ў’езду на тэрыторыю Польшчы. Ім не будуць выдаваць візы. Гэта спіс прыкладна да 20 асобаў”.
Іншыя дзеянні пакуль застануцца “ў рэжыме чакання”. Польскі бок пакідае шанц беларускім уладам змяніць тактыку і пачаць рэалізоўваць на практыцы “жаданне добрых адносін з Польшчай”, пра якое Сяргей Мартынаў казаў у Варшаве.
Радаслаў Сікорскі: “Яшчэ ёсць час павярнуць з няправільнай дарогі. Калі б гэта здарылася, мы былі б вельмі задаволеныя. Але нашыя дзеянні ў адказ на негатыўны сцэнар развіцця падзей ужо пачалі рэалізоўвацца”.
Польскі прэзідэнт папросіць разабрацца з “крызіснай сітуацыяй” вакол польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі (Абнаўляецца)
Польскі прэзідэнт Лех Качыньскі напіша асабісты ліст да Аляксандра Лукашэнкі, у якім папросіць разабрацца з “крызісная сітуацыяй” вакол польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі. Пра гэта паведаміў журналістам шэф канцылярыі польскага прэзідэнта Ўладыслаў Стасяк на брыфінгу пасля сустрэчы Леха Качыньскага і міністра замежных спраў Радаслава Сікорскага.
Уладыслаў Стасяк: “Мы павінны ўжыць такія дзеянні, каб яны былі адэкватныя да сітуацыі і далі нашаму партнёру зразумець, што мы не жартуем і што гэтая крызісная сітуацыя павінна быць урэгулявана як мага хутчэй”.
Па словах Уладыслава Стасяка, польскі прэзідэнт чакае рашучых і эфектыўных дзеянняў на форуме Еўрасаюза, Савета Еўропы і Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, а таксама іншых арганізацый, якіх тычыцца гэтая справа. Пра такія крокі і размаўлялі на сустрэчы ў Прэзідэнцкім палацы Лех Качыньскі і польскі міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі.
Прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі рэзка асудзіў сённяшнія шматлікія затрыманні і судовыя выракі актывістам непрызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў. Дарадца прэзідэнта ў справах суайчыннікаў у замежжы Міхал Дворчак запэўніў Еўрарадыё, што афіцыйная палітыка Варшавы ў дачыненні да Мінску кардынальна зменіцца.
Міхал Дворчак: “Спадар прэзідэнт абураны гэтай сітуацыяй і яе развіццём. Сітуацыя, якую мы назіраем, з’яўляецца абсалютна шакуючай! Падобныя падзеі, напэўна, не спрыяюць паляпшэнню адносінаў паміж Польшчай і Беларуссю і ўскладняюць якія-кольвек далейшыя размовы. Дастаткова палітыкі, якая не прыносіць аніякіх эфектаў!”
“На наступным тыдні адбудзецца афіцыйная сэсія Парламента, так званая “міні-сэсія”. І я прадбачу ўключэнне ў план нарадаў пункта “Дыскусія на тэму сітуацыі ў Беларусі” разам з прыняццем адпаведнага дакументу – рэзалюцыі”, – цытуе Ежы Бузэка польскі партал TVN24.pl
Па словах старшыні Еўрапарламента, праект чарговай рэзалюцыі ўжо рыхтуецца. У ім, на думку Бузэка, будзе вострая крытыка дзеянняў беларускіх уладаў у дачыненні да Саюза палякаў пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс. Больш за тое, рэпрэсіі супраць Саюза палякаў Еўрапарламент лічыць атакай на ўсю апазіцыю. Таму, па словах Бузэка, на аўторак ён запланаваў сустрэчу з лідэрам “Руху за Свабоду” Аляксандрам Мілінкевічам, а на наступным тыдні адбудзецца таксама сустрэча з Анжалікай Борыс.
Кіраўніцу неафіцыйнага Саюзу палякаў у Беларусі Анжаліку Борыс аштрафавалі на 30 базавых велічынь (1 млн 50 тыс. рублёў). Суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў яе вінаватай у арганізацыі 10 лютага ў Гродне несанкцыяванага мітынгу ў падтрымку івянецкай філіі СПБ, узначаленай Тэрэсай Собаль.
Старшыня галоўнага штаба СПБ Анджэй Пачобут за арганізацыю мітынгу асуджаны на пяць сутак арышту.
Пяцісуткавым арыштам сёння пакараныя таксама актывісты арганізацыі Ігар Банцар, Мечыслаў Яскевіч і Анджэй Пісальнік.
Агулам, паведамляе БелаПАН, у гэты дзень у розных месцах Беларусі было затрымана каля 40 актывістаў аб'яднання. Яны накіроўваліся ў суд Валожынскага раёна, каб падтрымаць лідэра івянецкай філіі СПБ Тэрэсу Собаль. Усе затрыманыя неўзабаве былі адпушчаныя.
Анжаліка Барыс заявіла, што ў сувязі з арыштамі актывістаў СПБ можа не адбыцца яе сустрэча з прэзідэнтам Польшчы Лехам Качыньскім. Наведаць Варшаву Борыс збіралася на гэтым тыдні, ініцыятарам сустрэчы выступіў польскі прэзідэнт.
Спачатку ў Гродне міліцыянты спынілі прэс-сакратара арганізацыі Ігара Банцара, а па дарозе ў Мінск – намесніка старшыні Мечыслава Яскевіча і кіраўніка Рады арганізацыі Андрэя Пачобута. Крыху пазней у Івянцы была затрыманая і сама кіраўніца Саюзу палякаў Анжаліка Борыс. Разам з іншымі актывістамі, кіраўнікі арганізацыі ехалі ў Валожын, дзе сёння павінен адбыцца суд над старшынёй Івянецкага аддзела СПБ Тэрэсай Собаль.
Андрэя Пачобута ў дадзены момант вязуць назад у Гродна, а Анжаліку Борыс – у Валожынскі райаддзел міліцыі. Ігар Банцар і Мечыслаў Яскевіч ужо знаходзяцца ў гродзенскім судзе. Еўрарадыё здолела датэлефанавацца да Ігара Банцара непасрэдна ў час судовага працэсу.
– …правапарушэнні… Ігар Раманавіч… Высокі Суд… прызнаеце? Не прызнаеце? Часткова прызнаеце?..
– Не… У поўным аб’ёме не прызнаю.
– Калі ласка, распавядзіце, увогуле, ці з’яўляецеся вы сябрам нейкай грамадс…
Далей тэлефонны званок перарваўся. Пасля гэтага мабільныя тэлефоны ані Ігара Банцара, ані Андрэя Пачобута больш не адказваюць.
На фота: Радаслаў Сікорскі