Пост дня. "Чарка&шкварка" як нацыянальная ідэя беларусаў
Пісьменнік Зміцер Дзядзенка апублікаваў у Facebook пост, у якім на прыкладзе аршанскіх капсул часу разважае пра трансфармацыю мыслення беларускіх чыноўнікаў. Чаму ў 1969-м чыноўнікі закладалі капсулу часу з думкамі пра людзей, а ў 2019-м — толькі пра "чарку&шкварку"?
Арфаграфія аўтара захаваная.
Думаю пра навіны з аршанскай "капсулай часу"... Калі хто прапусціў, сцісла перакажу. У 1969-м тагачасныя кіраўнікі горада заклалі капсулу з пасланнем нашчадкаў. Ускрыць яе трэ было 1 студзеня 2019-га — праз 50 гадоў. Нашчадкі (то бок, цяперашняе кіраўнцтва горада) капсулу ўскрылі на тыдзень пазней, сёння [8 студзеня. — Еўрарадыё].
Пасланне было беларускамоўнае. Пісалася там пра тое, што цяпер усе жывуць у камунізме, ну і ўсё такое...
Сёння ж на месца ранейшай капсулы заклалі новую — з пасланнем нашчадкам, якія будуць жыць у 2069 годзе. Новае пасланне напісанае па-расейску.
І вось я думаю, пра гэты 1969-ы, калі эСэСэСэРам кіраваў "дарагі Леанід Ільіч", а Беларускай ССР — Пятро Машэраў. Час, калі колькасць беларускіх школаў пачала скарачацца. Калі чынавенства гаварыла па-расейску і на трасянцы. Калі ўжо Хрушчоў паабяцаў, што беларусы раней за іншых прыйдуць да камунізму, бо яны амаль усе гавораць па-расейску. Калі мовай горада (асабліва ўсходнебеларускага — як Ворша) была расейская...
У гэтых умовах партыйныя кіраўнікі Воршы пішуць ліст нашчадкам па-беларуску.
Чаму? Бо гэта беларуская зямля. Бо калі ты звяртаешся да нашчадкаў, ты адчуваеш сябе звяном гэтай повязі паміж мінулым і будучым, часткай гісторыі. Бо ты адказваеш перад імі — невядомымі нашчадкамі — за справы свае і сваіх продкаў.
Урэшце — бо ёсць такая дзяржаўная ідэалогія. Прынамсі, на словах ёсць.
Сённяшнія аршанскія кіраўнікі пішуць сваё пасланне па-расейску. Чаму?
— Бо не адчуваюць сябе часткай гісторыі.
Якая такая гісторыя? Яна пачалася з 1994 года. Пра гэта вунь БЕЛТА піша ў рубрыцы "25 гадоў беларускай дзяржаўнасці".
— Бо няма такой ідэалогіі.
Лукашэнка перыядычна кажа, што яму патрэбная нацыянальная ідэя, але насамрэч гэтая ідэя ўжо даўно сфармуляваная ім жа самім — "Чарка і Шкварка" ("...і Іншамарка", дадаюць дасціпнікі).
Але ідэя "нажэрціся" не можа быць асновай аніякай гуманнай ідэалогіі, бо прыроўнівае чалавека да быдла.
— Бо няма ніякай адказнасці ні перад продкамі (гл. вышэй), ні перад нашчадкамі.
Галоўнае — што скажа цяперашняе начальства, бо ад яго залежаць чарка&шкварка...