Прадавец з “Камароўкі”: Афрыканская чума — гэта як насмарк

Еўрарадыё накіравалася на “Камароўку”, каб паглядзець, ці знізіўся попыт на свініну з-за афрыканскай чумы. 
 
“У першы дзень, калі чуткі пайшлі, мы, канечне, на сабе адчулі. Людзі не бралі свініну. Цяпер — хто бярэ, хто не бярэ. А што бабкам рабіць? Што ім купляць?” — прызнаецца прадавец “Камароўкі” Сяргей і просіць не запісваць яго на дыктафон. 
 
“Людзі баяцца, бо вялікая шуміха ў прэсе, у інтэрнэце, у тэлевізары!” — абураюцца прыватныя прадаўцы свініны і дадаюць, што правезці гэтае мяса на кірмаш стала значна цяжэй.
 
“Трэба тры пасты прайсці, каб свініна патрапіла на прылавак. Трэба, каб Дэпартамент пры прэзідэнце паставіў пячатку. Але ў нас мяса чыстае, бо ўсе раёны з афрыканскай чумой ачэпленыя і адтуль мяса не вязуць”, — распавядае гандляр. 
 
Тое, што падвысіўся кантроль за мясам і салам ды і за самімі прадаўцамі, кажуць і іншыя гандляры. 
 
“Правяраюць дакументы на прадаўцоў, мяса глядзяць”, — кажуць спецыялісты Мінскай гарадской ветэрынарнай станцыі. Ад 28 чэрвеня на Камароўскім рынку дзейнічае пастанова Дэпартаменту ветэрынарнага і харчовага нагляду. Гэтая ўстанова дае дазвол на правоз мяса па тэрыторыі Беларусі. 
 
“Вы на кошты не глядзіце, я танней аддам!” — нечакана заманьвае прадаўшчыца. Кажа, што кошты ўстаноўленыя максімальныя і для кіраўніцтва кірмаша, а яны прададуць на 10 тысяч танней. Дарэчы, кошты на свініну тут вагаюцца ад 13 000 за мяса і сала для смажанкі і да 85 тысяч за кіло мяса з шыі. 
 
Цікаўлюся ў прадаўцоў, ці ведаюць яны, як выглядае свініна з афрыканскай чумой, але тыя ўзгадваюць, што мяса “ажно чорнае” і афрыканскую чуму адразу бачна. 
 
“Гэта як насмарк у свіней, для людзей гэтая хвароба бяспечная. Гэта толькі назва страшная, а так захворваюць толькі свінні”, — кажа прадаўшчыца і нават паказвае дакументы, што мяса ў яе чыстае. 
 
Між тым, у Мінскай гарадской ветстанцыі кажуць, што праверку на АЧС ні яны, ні іншыя ўстановы ў Беларусі не праводзяць — акрамя Беларускага дыягнастычнага дзяржаўнага ветэрынарнага цэнтра.
 
“На АЧС не правяраюць, гэта могуць толькі пры аглядзе нейкія падазрэнні з’явіцца, а дадатковыя даследаванні накіроўваюцца ў Белдзяржветцэнтр. Гэта вельмі дорага, дарагое абсталяванне і рэактывы. У нас праводзіцца толькі візуальны агляд. Але тое, што талон у іх на руках, — гэта азначае, што прадукцыя добрая”, — супакойваюць у мінскай ветстанцыі.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі