Прадухіліць тэракт у Санкт-Пецярбургу дапамагло ЦРУ
Прадухіліць тэракт у Санкт-Пецярбургу расійскім спецслужбам дапамагло Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне ЗША. Уладзімір Пуцін у тэлефоннай размове падзякаваў Дональду Трампу за аператыўную інфармацыю, якая дапамагла своечасова выйсці на след, знайсці і затрымаць падазраваных у падрыхтоўцы нападу, інфармуе “Бі-Бі-Сі”.
Група тэрарыстаў рыхтавала выбухі ў Казанскім саборы ў Санкт-Пецярбургу і ў шэрагу іншых людных месцаў. Пра іх затрыманне стала вядома ў пятніцу. Агулам ФСБ схапіла 7 чалавек-прыхільнікаў тэрарыстычнай “Ісламскай дзяржавы” (адзін з іх — Яўген Яфімаў). Іх акцыя была запланаваная на 16 снежня.
Пуцін паабяцаў Трампу, што калі расійскія спецслужбы атрымаюць інфармацыю пра тэрарыстычныя пагрозы ў адносінах ЗША і іх грамадзян, яны “неадкладна перададуць яе амерыканскім калегам па партнёрскіх каналах”.