Пракурор просіць даць Япрынцаву штраф, яго сыну — дзевяць гадоў з канфіскацыяй

Пракурор просіць даць Япрынцаву штраф, яго сыну — дзевяць гадоў з канфіскацыяй

Дзяржаўны абвінаваўца Юрый Шарснёў папрасіў пакараць бізнэсоўца Уладзіміра Япрынцава штрафам у 21 000 "новых" рублёў (каля 10,5 тысячы долараў), паведамляе БелаПАН. Яго сына Казбека Япрынцава і яго кампаньёна Аляксандра Арабяна абвінавачанне просіць пакараць дзевяцю гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Пракурор нагадаў, што 11 жніўня спаўняецца роўна год з таго дня, калі была пачатая гэтая крымінальная справа і бацьку і сына Япрынцавых узялі пад варту. Ім выставілі абвінавачанне ў махлярстве, учыненым арганізаванай групай у асабліва буйным памеры.

Абвінавачанне лічыць, што падсудныя бралі грошы, абяцаючы паставіць паліва, аднак не збіраліся арганізоўваць гэтыя пастаўкі. Пацярпелымі праходзяць бізнэсоўцы Андрэй Рабцэвіч і Юры Савяк, а таксама вядомы ў мінулым лёгкаатлет Андрэй Міхневіч.

Пракурор лічыць, што Япрынцаў-старэйшы даведаўся пра сынавы праблемы ўлетку 2015 года. На думку абвінавачання, Уладзімір Япрынцаў падтрымліваў бізнэс сына сваім аўтарытэтам. Пацярпелыя думалі, што давяраюць грошы яму, а не Казбеку.

Па словах пракурора, у судовым паседжанні ён не знайшоў пацверджання таго, што Уладзімір Япрынцаў ўдзельнічаў у папярэдняй змове і хацеў падманным шляхам завалодаць сродкамі пацярпелых. Таму ён папрасіў, каб суд змяніў Япрынцаву-старэйшаму абвінавачанне на ўкрывальніцтва злачынства, што караецца штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам на тэрмін да трох месяцаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі