Прапагандысты хочуць абмежаваць палітвязням выезд за мяжу пасля адбыцця тэрміну

Палітвязні ў Беларусі

Палітвязні ў Беларусі / shutterstock

Палітвязняў нават пасля вызвалення не варта выпускаць з Беларусі, лічаць дзяржаўныя прапагандысты. Пра нагляд за былымі палітвязнямі праўладны эксперт Аляксей Дзермант разважаў у эфіры прапагандыста Рыгора Азаронка.

Дзермант заявіў, што тым беларусам, якія падчас зняволення "ўсвядомілі памылковасць сваіх дзеянняў", трэба даць магчымасць "улівацца ў наш соцыум, у наша грамадства".

А вось да апазіцыйных лідараў ён прапанаваў іншы падыход: "А чаму б сапраўды заканадаўча не прадугледзець нейкае абмежаванне на выезд гэтым людзям. Няхай ён жыве тут і справай дакажа, што ён рэальна выправіўся".

Дзермант асцерагаецца, што пасля вызвалення лідары пратэсту могуць выехаць за мяжу, дзе становяцца больш небяспечныя для рэжыму: "А то так атрымліваецца, што яны ўсе маюць магчымасць спакойна выехаць. Там будуць збірацца і будуць працягваць гадзіць. Прычым, я ўпэўнены, на больш небяспечным узроўні".

Ён прапанаваў уводзіць дадатковы нагляд за тымі, каго судзілі, напрыклад, па асабліва цяжкіх артыкулах.

Між тым, да некаторых вызваленых палітвязняў ужо прысяняецца такая мера, адзначае сайт "Зеркало". Першую падпіску аб нявыездзе яны даюць яшчэ ў калоніі, і яна дзейнічае ўвесь час адбыцця пакарання. Пры вызваленні гэтая забарона анулюецца, але потым экс-палітвязню могуць нанова забараніць выезд з Беларусі. Прычым некаторым нават не паведамляюць пра гэта.

Да таго ж асуджаных паводле палітычных артыкулаў масава ўключаюць у спісы "экстрэмістаў" і "тэрарыстаў", што таксама накладвае абмежаванні. Напрыклад, фігурантам "тэрарыстычнага спісу" немагчыма аформіць банкаўскую картку, даверанасць і нават купіць сім-карту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі