Пра што на прэс-канферэнцыі казаў Лукашэнка больш за 7 гадзін (фота, відэа)

Прэс-канферэнцыя пачалася аб 11-ай гадзіне. Журналістаў у Палац Незалежнасці пачалі пускаць за некалькі гадзін да пачатку, яны скарысталіся гэтым, каб сфатаграфаваць інтэр'еры будоўлі.

На прэс-канферэнцыі прысутнічае і журналіст Еўрарадыё Зміцер Лукашук.

"Вітаю вас усіх у нашым аплоце Незалежнасці", — пачаў Лукашэнка.

Пра поспехі: Алімпіяда і ўраджай, чэмпіянат свету па хакеі.

Потым пераходзіць на Украіну:

"Гэта быў год патрыятызму. Але гэты год быў складаным у тым ліку ў нашай брацкай Украіне... Але Беларусь, Расію і Украіну аб'ядноўваюць сувязі, якія разарваць нікому не дазволена".

Аб праблемах у эканоміцы Беларусі:

"Вінаватыя падзеі ва Украіне і абвал у Расіі... Санкцыі супраць Расіі і санкцыі ў адказ... Дзейнічалі як ўмеем і хутка. Правялі пэўныя мерапрыемствы, пра якія вы ведаеце... Робім спакойна. Грошы любяць цішыню. Я намякаю, што СМІ, калі хочаце, каб было спакойна, не трэба лішняга шуму".

Пытанне ад тэлеканала "Беларусь 1": Можа зноў, як у 1990-я, вы ўсіх здзівіце і прапануеце новую мадэль эканомікі?

Лукашэнка: Лепш такое пытанне абмяркоўваць на навуковай канферэнцыі... Скончылася не эпоха, а перыяд, ці нават у гэтай мазаіцы з'явіліся новыя фарбы. А што тычыцца тых часоў, яны скончыліся і такога не будзе.

Свет становіцца непрадказальным. Ніхто не мог падумаць раней пра тое, што адбываецца ва Украіне. Я таксама хацеў бы пераменаў. Я здзівіць магу любой мадэллю. Але вы гатовыя да тых вялікіх навацый, якія могуць прапанаваць палітыкі, у тым ліку і я?

Мы намацалі і стварылі мадэль. Мы вызначылі шлях, і па ім трэба ісці, не шарахаючыся.

Я не адмазваюся, што я не вінаваты

"Мяне білі злева і справа, спераду і ззаду, адзінкі былі на маім баку. Але цяпер-та вы разумееце, што мы правільна паступілі... Мы прыехалі на "Гарызонт", і там галасілі жанчыны, прасілі: “Дзетачка, дай нам 30 долараў заробку. Так, ёсць праблемы, але яны выкліканыя не намі. Я не адмазваюся, што я не вінаваты, не".

Калі стаў прэзідэнтам, то 85% экспарту было ў Расію. Сёння — 42%. Мы больш гандлюем з Захадам, чым з Расіяй

Лукашэнка абяцае, што "мы вырвемся з гэтага складанага становішча, у якое трапіла наша эканоміка". Распавядае, што калі стаў прэзідэнтам, то 85% экспарту было ў Расію. Сёння — 42%. "Мы больш гандлюем з Захадам, чым з Расіяй".

Я ведаў, што вы, як сапраўдныя беларусы, мяне не паслухаеце

"Я магу прапанаваць як мінімум дзве вельмі жорсткія мадэлі, пра якія будуць гаварыць ва ўсіх кутках свету. Але вы іх не вытрымаеце. Калі я прапаную амерыканскую мадэль, то вуліцы запоўняцца баевікамі, будуць рабіць майданы, а людзі застануцца галоднымі... Калі вы пачнеце бегаць ад абменніка да абменніка і няшчасныя рублі беларускія мяняць на валюту, вядома вы нас штурхняце да таго, што мы вымушаныя адпусціць валюту ў вольны плаванне. Дык якія да мяне прэтэнзіі? Я вас папярэджваў. Але я ведаў, што вы, як сапраўдныя беларусы, мяне не паслухаеце".

БелТА: Пытанне пра Еўразійскі эканамічны саюз: "Краіны шмат гадоў ішлі ў яго. Ужо месяц ён працуе. Ці можна надаць паскарэнне гэтым працэсам?"

Лукашэнка: "Вельмі коратка. Я бачу, што справа далёка зайшла, і мы вырашылі спыніцца на эканамічным саюзе. Ён будзе падмуркам нашых далейшых рухаў".

"Ёсць моманты, якія наогул не павінныя былі прысутнічаць пасля падпісання гэтых дакументаў. Як вы іх у СМІ называеце — мясныя, малочныя войны. Яны існуюць не толькі паміж Беларуссю і Расіяй, але і ў Расіі з Казахстанам".

Пра магчымы выхад з Еўразійскага саюза

"Калі выконвацца дамоўленасці не будуць, то мы пакідаем за сабой права аж да выхаду з гэтага саюза... Палякі і ЕС на нашай тэрыторыі працуюць у лепшых умовах, чым беларусы. Але ёсць фактары, што мне не даюць магчымасці так ужо ваяваць. Украіне газ РФ прадае па 400 долараў. Гэта са зніжкай. А нам па 134. Мне што, стаць нахабным і грукаць нагой у Крэмль, дайце 80?"

Нечакана пра бананы

"Улады трымаюць кошты і не даюць скокнуць. А я кажу, што сітуацыя не такая, як раней. Цяпер нафта танней, значыць сабекошт ніжэй. Чаму мы вам павінныя даваць набіваць кішэні? Калі сабекошт паніжаецца, мы ж не паніжаем цану... Бананы каштавалі долар. Учора гэта было 10-11 тысяч, сёння 13-14. Я бананы не ўжываю. Пераб’ёмся... Да нас завозяць бананы і іншую заразу, але і без іх пераб'ёмся".

Косінец далёка не дурань, а Сямашка бетон залівае

Пытанне ад тэлеканала СТБ аб прызначэннях ва ўрад замежнікаў і апазіцыі, а таксама аб кадравым голадзе: Вы не прызначылі нікога з замежнікаў і апазіцыі і заявілі, што ў вас ёсць рэзерв. Хоць перасадзілі чыноўнікаў з аднаго крэсла ў іншае. Ці ёсць кадравы голад?

Лукашэнка: Іерархія выбудаваная такім чынам, што ключавымі ў краіне з'яўляюцца прэм'ер-міністр і губернатары. Гэта ключавыя. Ёсць 12 вышэйшых службовых асобаў. Людзі прасоўваюцца па лесвіцы знізу ўверх. Косінец быў губернатарам, да гэтага віцэ-прэм'ерам, а потым стаў губернатарам, і гэта важней для мяне. Калі ў губернатара будуць ісці справы, то ўсё будзе ў краіне. Затым пайшоў вышэй на кіраўніка Адміністрацыі. Далей ужо няма куды, толькі прэзідэнтам ці прэм'ер-міністрам. Гэта рух уверх. Косінец далёка не дурань. Прайшоў жыццё ад вёскі і ведае яе як ніхто. Думаю, гэта добра для кіраўніка Адміністрацыі...

Што тычыцца прэм'ера — у кожнай краіне прэм'ер-міністры на вуліцы не валяюцца.

Каго прызначаць прэм'ерам? Вядома, эканаміста. Якога? Які прайшоў знізу ўверх. Быццам бы мы тут і калоду тасуем, але паколькі ёсць правіла руху знізу ўверх па лесвіцы, гэта не голад кадраў. Гэта адзінкі. Міністра прасцей знайсці. Міністр прамысловасці. У нас тысячы прадпрыемстваў прамысловых і лепшыя іх кіраўнікі могуць быць міністрам... У мяне было некалькі варыянтаў на пасаду Сямашкі. Але я выбраў яго. Гэта вельмі кваліфікаваны, талковы спецыяліст. Ён ездзіць па краіне. Сёння ў Светлагорску, а заўтра на АЭС бетон залівае. Сямашка адмовіўся сыходзіць на іншыя пасады. І застаўся працаваць. Чаму я павінен прыбіраць чалавека, які гатовы прыносіць карысць і прызначаць рызыкуючы новага, не ведаючы, падымецца ён да ўзроўню Сямашкі, ці не".

Пра жанчын

СТБ: Прызначэнне віцэ-прэм’ерам Качанавай — гэта сігнал амбіцыйным жанчынам?

Лукашэнка: Ну, калі б яна была такога ўзросту, як вы, то гэта сігнал амбіцыйным. Але яна ж давседчаны чалавек. Прапанова па прызначэнні Качанавай паступіла ад сілавых структур. Я даручыў Андрэйчанку вывучыць і пісьмова мне далажыць. Першы раз я гэту тэчку з дакументамі адклаў. Але калі зноў прыйшоў час прызначаць ўрад, зноў паступіла прапанова па ёй ад сілавых структур.

Перажываю за жанчын, якія становяцца кіраўнікамі. Там і сям'я, і настрой мужа. Гэта такі хамут і ззаду плуг, які трэба цягнуць... Але жанчынам давяраю больш.

Лукашэнка гадзіну адказвае на тры пытанні. А журналістаў — 240. Заначуем тут))

Пра бясплатнае лячэнне расіян у Беларусі і платнае — у Расіі

"Ніхто не хоча адмаўляцца ад праекта Саюзнай дзяржавы, таму што ён больш развіты. Мы ў Маскву можам ехаць без мяжы і масквічы да нас. Мы як адна краіна, і гэта дарагога варта. Калі б у нас было як з Украінай нават да вайны, вам бы гэта не спадабалася. Хацелася б недзе зрабіць істотны крок у нашых адносінах. Пакуль не вельмі атрымліваецца. Па-другое, адцягнуліся на ЕАЭС, а па-трэцяе, сёння не да гэтага.

Нам тут трэба шліфануцца. Ёсць нюансы па многіх напрамках. Калі рускаму тут стане дрэнна — яго забярэ хуткая і будзе лячыць, нават калі не заплаціць. А там — інакш".

Пра вайну ва Украіне і сваю ролю ў ёй

Агенцтва "Рэйтэр" пытаецца пра ўкраінскі канфлікт і адносіны да Захаду: У мінулым годзе Беларусь выступіла міратворцам ва ўкраінскім канфлікце. Ёсць змена стаўлення да Беларусі з боку Захаду?

Лукашэнка: "Калі вы жадаеце выказаць сваю пазіцыю па нейкім пытанні — выказвайце. Каб мы не скаціліся ў фармат звычайнай прэс-канферэнцыі... Мы не міратворцы. Мы не напрошваліся. Мы нікога не збіраемся мірыць, калі нас пра гэта не просяць. Мяне папрасілі — зрабіце, што можаце. Я зыходзячы з эмоцый зрабіў. Да 7 мільярдаў таваразварот з Украінай быў. З Расіяй — 40.

Я казаў ДНР, ЛНР, Расіі, Украіне, што калі вам нешта трэба, то мы зробім. Гэта вайна ўжо ў нашага парога. Гэта ўжо ўплывае на нас. Некалькі дзесяткаў тысяч бежанцаў. І нам даводзіцца мяжу жорстка зачыняць. Нярэдка праводжу мерапрыемствы ў ваенным плане. Я галоўнакамандуючы, я не магу не рэагаваць, не прыстасоўваць свае ваенныя сілы да новай вайны. Але гэта яшчэ не вайна. І самае галоўнае, каб гэтая зараза да нас не прыйшла. І я вымушаны ўмешвацца непублічна ў гэтыя працэсы.

"Я не вельмі давяраю заходнім партнёрам"

"Што тычыцца адносінаў з Еўропай. Вядома, я бачу, што адбываецца ў нашых заходніх партнёраў у сувязі з гэтым. Але я не вельмі ўпіваюся гэтым, што сітуацыя так склалася і нам дапамагла. Я не вельмі давяраю заходнім партнёрам. Гэта палітыка — брудная справа. Сёння Захаду наша пазіцыя выгадная, яны нам скажуць дзякуй. Мы гэта чуем, але ніякіх зрухаў не будзе, пакуль не пройдуць прэзідэнцкія выбары. Нас гэта не напружвае. Адзінае, што я хацеў, каб ЕС і ЗША, якія далёкія ад гэтага крызісу, і Расія, якая вельмі ўцягнутая ў гэты крызіс, і Беларусь разам аб'ядналіся для спынення вайны. Хто хоча ваяваць — ідзіце ў данецкі аэрапорт і малаціце адзін аднаго".

Аб захопе Смаленска, Майдане і зялёных чалавечках

Ульяна Бабаед з “Комсомольской правды” пытаецца аб падрыхтоўцы да "захопу Смаленска": Адчуваецца ўзмацненне ваеннай рыторыкі. Вучэнні праводзяцца, вы наведваеце войскі, сустракаецеся з сілавікамі. З чым гэта звязана? Гэта падрыхтоўка да вайны, ці падрыхтоўка да ветлівага захопу Смаленска? Вы баіцеся Майдана або зялёных чалавечкаў?

Лукашэнка: Нам чужых зямель не трэба. Нам пажадана сваю нікому не аддаць... Калі мне казалі, што заўтра Пуцін прыйдзе з батальёнам і захопіць нашы землі, то я ў адказ рытарычна пажартаваў, што ў нас больш падстаў.

Але нам што, галаўны боль патрэбны? Уявіце — Смаленск, Бранск і Пскоў дадаткова да Беларусі... Вы ўяўляеце, колькі там праблем?

Што тычыцца ваеннай рыторыкі... Мы павінны будучаму агрэсару нанесці непрымальны ўрон, мы павінны змяняць нашу армію. У нас павінны быць часткі, якія сёння ў Брэсце, а заўтра ў Віцебск перакінутыя за паўночы, каб яны маглі нанесці ўдар... Мы паціху сваё войска прыстасоўваем.

Мы не хочам ваяваць і не рыхтуемся да вайны. Але калі нешта здарыцца, я не хачу, каб вы мяне праклялі, што няма чым ваяваць. Порах трэба трымаць сухім. Калі ў нас будзе зброя, ніхто не захоча з намі ваяваць. Вось прыклад Украіны — арміі не было...

Што тычыцца Майдана. Калі ў кагосьці ёсць у галаве думкі пра Майдан, то трэба іх выкінуць з галавы, каб іх месца занялі больш карысныя для вас думкі. Пакуль я прэзідэнт — Майдана не будзе. Ёсць адмарозкі, але для гэтага ёсць ўлада. Хто хоча ваяваць — едзьце ў Сірыю. На квіток мы грошы дамо.

За мной сотні тысяч узброеных людзей

Што тычыцца расійскага нашызму. Расіі да гэтага справы няма. Мы, рускія людзі, будзем ваяваць з рускімі? Вы як гэта ўяўляеце, што мы будзем ваяваць?

У нас занадта шмат праблем, якія трэба вырашаць. А калі ёсць разумнікі, якія любяць палкі ў колы ўстаўляць, свядомыя, якія лічаць, што беларуская зямля, гэта ўжо частка рускага свету, забудзьцеся. Беларусь — гэта незалежная дзяржава. Мы сваю зямлю нікому не аддамо. За маёй спінай стаяць сотні тысячы такіх людзей узброеных. Таму супакойцеся, нараджайце, гадуйце дзяцей. Дапаможам. Я маю на ўвазе -— гадаваць дапаможам (смех у зале). Думаю, "Камсамолка" будзе да нас лепш цяпер ставіцца.

Чытае "Беларусы і рынак", кажа, што "такой лібералізацыі нам не трэба"

"Беларусы і рынак": Крызіс з-за недахопу рэзерваў. Ці магчымыя новыя крэдыты Расіі на папаўненне ЗВР і ці выстаўляе Расія нейкія патрабаванні?

Лукашэнка: Я чытаю вашу газету. Часам такія гадкія пытанні... Вы больш рацыю маеце за Сярэдзіча, майго даўняга сябра. Нарэшце я зразумеў, што такое рынкавыя рэформы па меркаванні вашай газеты і нашых лібералаў. А што мы яшчэ ліберальнага не зрабілі, каб працавалі нашы прадпрыемствы? Калі я з візітам некуды вылятаю, у мяне ляціць следам самалёт, або ззаду, з Сямашкам і кіраўнікамі дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў.

Я ведаю Шакуціна, таму што мы практычна нарадзіліся ў адной вёсцы. І мы сапраўды гэтак жа як МАЗу, "Амкадору" дапамагаем. Вось прыватызаванае прадпрыемства, яно што — квітнее? Калі мы прадпрыемствы цяпер прыватызуем, яны будуць квітнець? Не. Гэта нічога не дасць. Мы чвэрць саўгасаў прыватызавалі. А ведаеце, колькі назад вярнулі? Зрабілі яшчэ горш. Мы слабейшыя, чым ЕС і нават у пэўным сэнсе, чым РФ.

Калі што, то Пуцін нам падставіць плячо

"15 гадоў таму нават "Беларусы і рынак" не маглі сказаць, што мы будзем перасаджваць сэрца. Мы гэтаму навучыліся. Дрэнна ці добра, мы стварылі свой касмічны апарат і запусцілі яго ў космас, паказаўшы, што мы можам. Цяпер будуем АЭС.

Калі б у мяне было 50 мільярдаў, або 100 мільярдаў ЗВР, гэта не значыць, што я б выкідваў гэту валюту на рынак. Мне раілі, што трэба адпусціць курс, які ўсталюецца, такі ўсталюецца. Ну і ўявіце, што б атрымалася? Мы гэтыя пікі зрэзалі... Калі б сельскай гаспадаркай не займаліся, то 50 млрд. было б у ЗВР... Нам не хацелася б браць крэдыты. Але калі будзе вельмі цяжка то Расія плячо падставіць. Я працытаваў цяпер Пуціна".

Пакуль ён гэта расказваў, долар на біржы падаражэў на 150 рублёў.

 

"Беларусам і рынку", падобна, давядзецца нахіліцца

"25 гадоў вашай газеце? Мы, можа быць, сустрэнемся і я вас змагу нахіліць ў правільны бок".

"Калі забіў, расчляніў з мамай — да сценкі"

Барысаўская газета спытала пра прысуд дырэктару "Борисовдрева", не вельмі ён строгі і ці не будуць баяцца кіраўнікі прымаць рашэнні.

Лукашэнка: Вы пра Мальцава кажаце? Я памятаю, што там 6 гадоў. Прасілі 6, а далі 3. Я, наколькі магчыма, быў пагружаны ў гэту справу. Ніколі не душу, выключаючы тыя выпадкі, калі забіў, расчляніў з мамай. За такое — да сценкі... Я нідзе не цісну на суды, але сваю пазіцыю выказваю. Якія б там дэмакраты ў Еўропе не крычалі, што трэба смяротнае пакаранне адмяніць. У нас народ выказаўся. А што датычыцца праваахоўных органаў, я ім кажу, што ў вас ніякіх боханаў і бонусаў за лішніх зняволеных не будзе.

У нас за час дыктатара Лукашэнкі ў калоніях стала менш зняволеных. Я сказаў праваахоўным органам, што вы адкажаце за лёс чалавека. Мальцаў пакідае добрае ўражанне. Але ён кіраўнік і ведаў недахопы. Я яму асабіста паставіў задачы і сказаў — ты павінен зрабіць гэта. Зрабіў? Не. Дапусціў растраты? Адказвай.

Мы не памыляліся нідзе. Калі толькі ў эканоміцы. Крыху.

Гомельская праўда: Якое сваё рашэнне вы б змянілі, калі б маглі?

Лукашэнка: Я часта аналізую, што раблю. Але я не магу адказаць на гэта пытанне. Мне здаецца, мы не рабілі глабальных памылак. Ну, можа недзе ў эканоміцы не зусім дакладна рэагавалі ці недзе няправільна.

Аб разборках з дармаедамі

"Рэспубліка" пытаецца: Як хутка вырашаць праблему дармаедства і калі будзе дакумент? Ці ўспрымуць беларусы яго як справядлівае рашэнне?

Лукашэнка: Рашэнне было такое, што мы павінны гэты дакумент дапрацаваць. І дакумент ужо на выхадзе. А хатнія гаспадыні, а шматдзетныя, а калі муж багаты, а гэтыя будуць плаціць ці не? Гэта важная тэма, хоць дакумент не прыняты. Мы бярэм гэтыя пытанні на заметку.

Усе пытанні, якія ўздымаюцца ў СМІ, будуць разумна разгледжаныя. Вось да 7 гадоў дзіця. Гэта адна сітуацыя. А калі трое дзяцей да 7 гадоў — гэта іншая сітуацыя.

Пра вядомую песню пра Пуціна на "Барысаў-Арэне"

"Дайце факты, дзе я заігрываю з Захадам? Так, яны Макея клічуць, але я яму кажу не адпіхвайся. Ты ім заўсёды сумленна кажы і не абяцай нерэальнага. Мы ніколі не заігрывалі з Захадам, мы ніколі на каленях не стаялі ні перад кім. Я ж не першы год прэзідэнт, пазіцыю маю, усе ведаюць.

Мы з Пуціным дамовіліся, што пасля "Бацька 1", 2 і 3 ніякіх абразаў не будзе. Я прывёў прыклад, калі на "Барысаў-Арэне" крычалі ў адрас Пуціна абразы, мы затрымалі 30 чалавек. А чаму вы не рэагуеце? Як мы памятаем, крычалі тады фанаты з Украіны і Беларусі. Украінцаў потым адпусцілі, беларусам давялося пасядзець. Крычалі яны вядомую песеньку пра Пуціна".

"БДГ Онлайн" задала пытанне пра вяртанне кансультацыйнага савета

Лукашэнка: А дзе тая БДГ, якая раней была? Чаму онлайн? Мне не прыносяць газету даўно і толькі ў падборцы мне прыносяць яе. Я хоць не вінаваты, што газета зачыніліся? Не?

Журналістка збянтэжылася і сказала, што яшчэ не працавала ў той час, калі зачыніліся газета: "Цяпер мы толькі ў інтэрнэце".

А пра савет Лукашэнка адказаў, што нічога не будзе: "Не. Таму што карысці ніякай, а людзей ад працы трэба адрываць. Вось дэкрэт па дармаедстве, займаецца міністр і гэта яго пытанне. І ён вырашыць, каго запрасіць у гэту групу пры стварэнні нарматыўнага акту".

"Статкевіча я палітыкам не лічу"

Валер Каліноўскі папрасіў інтэрв'ю для "Радыё Свабода". Лукашэнка сказаў, што павінен з імі разлічыцца, накшталт даць інтерв’ю. Далей невялікі дыялог:

Лукашэнка: Цяпер пра палітзняволеных пачне…

Каліноўскі: Ну, не зусім пра пралітычных зняволеных. Па Статкевічу. Я з ім перапісваюся і ведаю, што ён цвёрды чалавек і не напіша просьбу аб памілаванні.

Лукашэнка: Што, вы пры такой дыктатуры з турмы лісты атрымліваеце?

Далей Лукашэнка як звычайна: Я вам адкажу на пытанне. Я чую, што ў гэтай сувязі кажуць на Захадзе. Яны прама кажуць — палітвязні. У нас няма палітычнага артыкула ў Крымінальным кодэксе... Правільна ці не правільна адправілі Статкевіча туды, але ён там. Цяпер усе яго сябры, акрамя яго самога, хочуць, каб Статкевіч быў на волі. Але ёсць працэдура. Статкевіч меншага калібру чалавек, чым тыя, каго мы выпусцілі. І не думайце, што я яго трымаю, каб пасля выбараў выпусціць. Але прашэння аб памілаванні для мяне не галоўнае, хоць па законе так трэба.

Ён цяпер у калоніі, ён там не адзін. Яны не хочуць быць на волі? А я падпісаў указ, амністуюць Статкевіча, а чаму не Іванова або Пятрова? Вось гэта мяне больш турбуе. Калі б калонія звярнулася і сказала, забярыце гэтага Статкевіча. Гэта камень з сэрца. Хай ідзе працаваць у саўгас, але толькі, каб я не выглядаў ідыётам перад іншымі асуджанымі. Маўляў, Лукашэнка спалохаўся і выпусціў.

Валерый, я табе клянуся сваімі дзецьмі. Ён (Статкевіч) для мяне не палітык. У мяне ёсць кадры замежных агенцтваў, дзе ён павёў на штурм людзей. Ёсць запісы яго перамоваў, яго гутаркі з Кіевам, дзе яму казалі — ламай дзверы і сядай у крэсла прэм'ер-міністра.

Едзь у турму, Валерый. Збірай подпісы, адпусцяць Статкевіча калегі — прывязуць вам яго

Каліноўскі: Хто захоча балатавацца ў прэзідэнты, калі кандыдат сядзіць у турме?

Лукашэнка: Дык адзін жа толькі ў турме. Балатуйцеся! Але калі пачнеце ламаць дзверы, я асабіста буду ініцыятарам вас пасадзіць. Можаце мяне абражаць, але нікога не забівайце і не ламайце нічога. Валерый, я ведаю хто грошы заплаціў. Я ведаю, што ад іх патрабавалі. Ад іх патрабавалі Майдана ў Беларусі. І я гэта ведаў і не мог гэтага дапусціць. Ну, не вельмі ж там пабілі кагосьці. Вы пайшлі на штурм. Адрэзалі частку баевікоў, пасадзілі ў аўтобусы, частку раніцай адпусцілі.

Едзь у турму, Валерый. Ой, не, я не табе. Збірай подпісы ў турме, адпусцяць яго калегі — дзе вы жывяце, дайце адрас, прывязуць вам яго.

"Я хачу, каб мой малы ведаў беларускую мову"

Белапан. Анастасія Лосіч пытаецца пра нервовую рэакцыю ў Расіі на папулярызацыю беларускай мовы.

Лукашэнка: Насця, вы дома на якой мове размаўляеце? Толькі Шчыра!

Лосіч: На рускай. Але на працы — на беларускай.

Лукашэнка: Вам жа там ніхто не замінае размаўляць на працы на беларускай? Вось гэта галоўнае для мяне. У нас дзве мовы, і гэта тэма зачынена, пакуль я прэзідэнт. Калі ў Расіі нехта напружваецца, напэўна, журналісты асобныя... Але не кіраўніцтва і рускі народ, яны ж не напружваюцца, што чачэнцы размаўляюць на сваёй мове. Але я не адпрэчваю беларускую мову. Гэта нас адрознівае ад рускіх. Мы маем на ўвазе, што беларуская мова адрознівае нас, як нацыю. Мы павінны яе ведаць, як рускую. У мяне малы расце, я хачу каб, ён ведаў беларускую, дакладна так жа, як рускую.

Кіраўнік тэлеканала АНТ піша даклады па-беларуску

Ого. Аказваецца, кіраўнік тэлеканала АНТ Рыгор Кісель піша Лукашэнку даклады на беларускай мове: "Казіятка (кіраўнік СТБ) піша мне па па-руску. А Кісель піша мне на беларускай мове".

"З каталікамі праблем у нас няма, але некаторымі ксяндзамі я не задаволены"

Польскае агенцтва прэсы запыталася пра сітуацыю з каталікамі ў Беларусі.

Лукашэнка кажа, што ўсё добра:

“Праблем няма з каталікамі... Мяне называлі праваслаўным атэістам. Сапраўды, у мяне, калі быў лектарам, былі дзве тэмы. І мне сказалі займацца прапагандай супраць рэлігіі. І вось тады я спрачаўся са святарамі і яны зрабілі на мяне ўражанне.

У мяне ў гаспадарцы як было: Вялікдзень праваслаўны. Каталікі з праваслаўнымі напіліся. 3 дні на працу ніхто не ходзіць. Вялікдзень каталіцкі — напіліся зноў каталікі з праваслаўнымі і на працу ніхто не ходзіць.

Я не задаволены некаторымі ксяндзамі ў Беларусі, яны займаюцца не тым, чым трэба. І я заўсёды гэта казаў былому Папе Рымскаму і нашаму Казіміру Свёнтку. І прапаноўваў, каб мы больш беларусаў навучалі і яны служылі ў нас.

Распавёў пра тое, хто тэксты выступленняў піша. І п'е ўжо чацвёртую кубак гарбаты.

Газета "7 дзён": Пуцін сам піша свае выступы. А як вы рыхтуеце свае прамовы?

Лукашэнка: Я асабіста, раней больш, цяпер менш, нейкую балванку рыхтаваў навагодняга звароту. Часам больш, часам менш я пачынаю карэктаваць тую каласальную працу, што праводзіцца над выступленнямі беларускага прэзідэнта.

Тэксты самі прэзідэнты нідзе не пішуць. Гэта нерэальна. Я часам адыходжу ад тэкстаў. (Гэта заўсёды самае цікавае, адзначае журналістка). Так, я ўхваляю і спрачаюся. На тэксты працуе вялікая група людзей.

"Прэзідэнт так можа за вочы пажартаваць пра Давыдзьку, што ён на раніцу можа канькі адкінуць".

Расія Сёння: Вас часта разыгрываюць, як пранкер Ваван, які прадставіўся сынам Януковіча? А самі разыгрываеце людзей або маленькіх дзяцей?

Лукашэнка: Малых дзяцей... Вось нагаворыш цяпер. Заўтра апазіцыйныя СМІ пачнуць шукаць маіх маленькіх дзяцей. Мяне ніхто не разыгрываў. І я нібыта размаўляў з нейкім Ваванам... Да прэзідэнта не прапусцяць званок, пакуль не вывучаць, хто тэлефануе, тым больш калі з-за межаў краіны. Ніхто мяне не разыгрываў.

Падкалоць магу. Давыдзьку ці яшчэ кагосьці. Але чыста жартам і сам-насам. Прэзідэнт за вочы жартаваць не можа. Прэзідэнт так можа за вочы пажартаваць пра Давыдзьку, што ён на раніцу можа канькі адкінуць. Прабачце, Генадзь Браніслававіч.

"Мяне можна павесіць, забіць, ўтапіць ... Але нахіліць немагчыма"

О, наш Лукашук ля мікрафона. Пытаецца пра "нахіленне" і сыход на пенсію.

Еўрарадыё, Зміцер Лукашук: Вось вы сказалі — братэрскі народ Расіі... А вы не лічыце, што вас збіраюцца адправіць на палітычную пенсію з дапамогай расійскага кандыдата. А калі самі беларусы будуць прасіць вас заставацца прэзідэнтам пастаянна?

Лукашэнка: Гарантую, Дзіма, што ў 50-м годзе не папросяць. Я вам удзячны за гэта пытанне. Але давайце паспрабуем вызначыцца і закрыць тэму да прэзідэнцкіх выбараў.

Што тычыцца “адправіць мяне на пенсію”. Я вельмі жорстка сказаў у Крамлі: нахіліць мяне немагчыма. Гэта зразумелі тыя, каму гэта было адрасавана. Ніякі Крэмль і Захад-Усход не можа мяне нахіліць. Можна павесіць, забіць, ўтапіць, але нахіліць мяне немагчыма...

Адправіце на пенсію, ну пайду. Але ў мяне пасада такая, што мае хацелкі пад увагу не прымаюцца... Адзіная падстава не ісці на выбары — прыдуркаватасць, тупаватасць, хвароба.

Дзяржава з эканомікі не сыдзе. Эх ...

"Я супраць таго, каб дзяржава сыходзіла з эканомікі. Яна павінна сыходзіць з эканомікі настолькі, наколькі яна там не можа знаходзіцца або калi яна там не патрэбная. У райвыканкаме дыспетчарская 5 або 7 чалавек, якая збірае кожны дзень — колькі надаіла даярка і колькі дасць малака заўтра? А навошта кожны дзень такі прагноз?

Але калі ёсць апарат і жорсткі попыт, то губернатару дастаткова 50 чалавек, каб кіраваць вобласцю".

Адзінай валюты з РФ не будзе, пакуль Лукашэнка прэзідэнт. Гэта добра.

ІТАР-ТАСС: Пра адзіную валюту ў ЕАЭС, якія перспектывы? Абмяркоўвалі гэта пытанне?

Лукашэнка: Так, толькі абмяркоўвалі. На парадку дня яно не стаіць. Гэта не абавязкова расійскі рубель. Але мы вырашылі, што калі прыйдзе час — вернемся да гэтага пытання. Але не думаю, што гэта будзе пры маім прэзідэнцкім жыцці.

Лукашэнка кажа, што накапіў "прыкладна 50 мільёнаў". Не падумайце, гэта ў рублях.

Радыё “Мир” запыталася пра самае важнае: У якой валюце вы захоўваеце свае зберажэнні? Ці куды ўкладваеце?

Лукашэнка кажа, што ўсё ў рублях: Ведаеце, я атрымліваю зарплату ў рублях адназначна. Iншых даходаў у мяне няма. Мне прыносяць у канверце два разы на месяц зарплату. Частка маёй зарплаты, палову, я напісаў заявы, каб бухгалтэрыя пералічвала на рахунак меншага сына. Другую палову я проста раздаю. А што застаецца — захоўваю ў рэзідэнцыі ў левай шуфлядзе ўверсе.

Аляксандр Лукашэнка распавядае, што малодшы сын збіраў грошы, каб унесці ў хоспіс. Але ўнесці не выйшла, бо праект апынуўся прыватным і не зусім сумленным. Таму гэтыя грошы цяпер захоўваюцца ў сейфе.

Лукашэнка: Плюс сябры з Масквы прывозяць цэлую фуру падарункаў і я іх размяркоўваю. Я не люблю грошы больш за ўсё. Яны столькі бед прыносяць, але без іх не абысціся. Я не ведаю, ну можа 50 мільёнаў у мяне ў загашніку. Камандзіровачныя мне ў валюце выдаюць. Калі вам трэба пазычыць, то я гатовы без працэнтаў. Калі трэба, скажыце. Хатнім раздаю, у мяне ёсць афіцыянт, кухар, дворнікі. Жанчынам да 8 сакавіка заўжды падарункі купляю.

Аб беларускамоўным тэлеканале для дзяцей

Дзмітрый Панкавец з газеты "Наша Ніва" прапануе: Каб ваш сын Мікалай добра ведаў беларускую мову, давайце адкрыем беларускамоўны тэлеканал.

Лукашэнка нібыта не гарыць жаданнем: Калі гэты канал кожнае дзіця будзе бегчы глядзець, то калі ласка. Вось глядзіце, у Генадзя Браніслававіча 5 каналаў. БТ-1 — гэта класіка. Яны вельмі добра прагрэсуюць. Нават тыя, хто ненавідзіць Давыдзьку і БТ, яны яго глядзяць. Але, магчыма, трэці канал, правядзіце даследаванне — колькі людзей глядзяць беларускамоўны канал. Трэці канал практычна беларускамоўны.

Кіраўнік БТ Давыдзька таксама выступіў. Сказаў "Нашай Ніве": Вы турбуецеся на дзяржаўным узроўні аб такім канале беларускамоўным, а палітыка вашай газеты не накіравана на ўмацаванне дзяржавы.

Пра чарнасоценцаў і казакоў у Беларусі: "Я ўсё кантралюю, не хвалюйцеся"

Панкавец: Як дзяржорганы рэагуюць на дзейнасць усялякіх казакоў і сайтаў "Рэгнум" і "Імперыя". Чаму беларускія СМІ блакуюцца, а гэтыя сайты не?

Лукашэнка: Я даручаў нашым спецслужбам знайсці гэтых чарнасоцінцаў, прыняць меры і далажыць. І паверце — меры прынятыя. Калі ў вас ёсць дадзеныя, што недзе яны там па лесе бегаюць, то паведаміце. Мяне яшчэ і крытыкавалі за гэта. Я ўжо распарадзіўся. Вы не хвалюйцеся, я кантралюю сітуацыю.

Аб высокіх цэнах і трохі пра расійскую прапаганду

Журналіст канала "Расія-1": Пра Расію нічога пытацца не буду.

Лукашэнка: Сярожа, цябе не вельмі прэсуюць за рускую мову?

Журналіст: Ну, калі прэсуюць, то толькі па-беларуску, але я нічога не разумею.

Потым задаў пытанне: У мяне самым яркім уражаннем ад Украіны сталі цэны. Яны там ў тры разы менш, чым у Расіі. І потым мне пра Беларусь сказалі, што тут нізкія цэны. Я ехаў сюды на машыне. Пасля шыльды “Беларусь” адразу пачынаюцца палі. І праўда танна. А потым мы з жонкай схадзілі на Камароўку і купілі прадуктаў — у два разы даражэй выйшла, чым у Маскве. Тое ж было ў сеткавай краме. Для мяне гэта парадокс. Здавалася б, ва Украіне пастаянная палітычная нестабільнасць, а ў Беларусі стабільнасць, шмат вырошчваеце самі, чаму цэны такія?

Спачатку Русы адказаў: Свініна пасля падзення расійскага рубля была даражэй, чым у Расіі, усё астатняе ў Беларусі ніжэй. Можа на рынку вы нешта там глядзелі, але трэба глядзець у крамах.

Потым Лукашэнка: У нас склалася сітуацыя, калі цэны былі ў паўтара раза ніжэй. І прыязджалі на машынах масквічы і загружалі прадукты. У Оршы выстройваліся цэлыя калоны машын з маскоўскімі нумарамі і вывозілі прадукцыю. Дзе паўтоны, дзе тону. Нашы вывозілі, там прадавалі. Мы вымушаныя трымаць парытэт коштаў.

У вас жа СМІ — гэта прапаганда ў асноўным, у тым ліку на вашым канале.

Аб дэвальвацыі. Была яна ў нас, аказваецца.

Лукашэнка расійскаму журналісту: У вас абваліўся рубель і следам мы дэвальвавалі нацыянальную валюту. І нашы вырашылі цэны павысіць. Але пры гэтым жа паменшыўся сабекошт. І таму мы кантралюем. Ці то "Камсамолка", ці то хто, журналісты прыціснулі да сценкі намесніка міністра гандлю. Чаму ў крамах крокавай даступнасці няма нейкіх тавараў? Ну, ён сказаў: “Няма тут, купіце ў іншым”.

"Калі бяспеку дзяржавы я не забяспечу, то тады мяне трэба павесіць".

Галоўны рэдактар "Народнай Волі" Іосіф Сярэдзіч папрасіўся на прыём да Лукашэнкі. Распавёў кіраўніку дзяржавы аб апошнім папярэджанні газеце, вынесеным Мінінфармацыі. Гаварыў доўга аб несправядлівым стаўленні да газеты. Заявіў, што пакуль ён жывы — "Народная воля" будзе выдавацца.

Сярэдзіч: У жніўні 2011 года вы казалі: Я як кіраўнік дзяржавы прапаную ўсім людзям цвярозага розуму і тым, хто любіць сваю краіну, сесці за круглы стол і вырашыць, хто чаго варты і што можа зрабіць для краіны. Мне здаецца, што прыйшоў час калі гэтыя словы павінны стаць вырашальнымі для Беларусі. Хоць вы аптыміст, але нельга адмаўляць, што сітуацыя складаная. Не дай Бог, вайна на нас перакінецца, у Расіі цяжка сказаць, што робіцца. Эканоміка здаецца не вытрымлівае. Трывожна. Таму я, як грамадзянін Беларусі, хачу спытаць, калі тыя, хто любіць сваю краіну людзі, сядуць за круглы стол?

Лукашэнка: Калі ў вас ёсць пытанне да мяне, то я вам абяцаю прыняць вас. Прашу інфармаваць мяне аб справах "Народнай газеты", (агаварыўся, маючы на ўвазе "Народную волю". Але потым сказаў, што называе ўсе апазіцыйныя газеты Народнымі. І сказаў, што яму не трэба, каб зачынялі газету).

Лукашэнка: Я часта прызнаваўся, што, напэўна, і ваша кропля ў маім лёсе ёсць. Ну, я думаў, раз Сярэдзіч не напісаў, праверу. Не пацвердзілася. Але я рэагую. Прашу выкінуць з галавы, што мне трэба зачысціць поле. Калі няма двух-трох меркаванняў, нарада не праводзіцца. Не страшна, што людзі пішуць пра тое, што ёсць на самой справе. "Народная воля", мне не падабаецца за тэндэнцыйнасць. Вы ведаеце, што "Народную волю" у кіёску Адміністрацыі прэзідэнта прадаём.

Прызначаючы Ананіч, баяўся, што будзе мяккацелая.

Калі бяспеку дзяржавы я не забяспечу, то тады мяне трэба павесіць. Калі вы лічыце, што дзеля гэтай бяспекі мы павінны сесці за круглы стол, я магу такі сход праініцыяваць, але не для таго, каб гвалт там зладзіць. Калі жадаючыя ёсць, я буду ўдзячны. Але не пад выбары, каб засвяціцца. Я не хачу ў перадвыбарных баталіях удзельнічаць. Я не прымаў удзел у тых выбарах, фізічна, не буду прымаць і ў гэтых.

"Хто да нас з мячом прыйдзе, той ад яго і загіне"

Лукашэнка: Мы не Украіна і не дапусцім такіх памылак. Чаму Пазьняк, таленавіты чалавек, і Шушкевіч, таксама не дурань, чаму яны праваліліся? Ці не з таго пачалі. Людзям жэрці няма чаго, а вы — мова, мова. Украінцы таксама падставіліся. Мы не дамо магчымасці сябе падставіць.

Калі мы далей на ўсходзе Украіны будзем ваяваць, то збяром там усю дрэнь з усяго свету, якія прыедуць зарабляць на вайне грошы. Яны паўзуць, як прусакі, і выкурваць іх адтуль будзе складана. І адтуль яны папаўзуць ў Расію вядома, у Крым, і да нас, вось што мяне хвалюе. Мне ўсё роўна, хто будзе ваяваць супраць Беларусі. Хто да нас з мячом прыйдзе, той ад яго і загіне.

5 мільёнаў метраў жылля пабудуюць у гэтым годзе

Лукашэнка: Думаю, мільёнаў 5 у гэтым годзе пабудуем жылля. Запланавалі другую кальцавую. Дарэчы, з цэменту. Я быў там. Глядзім, як яна вытрымае. Гэтыя праекты мы будзем ажыццяўляць.

"Тут няма нічога імпартнага", — кажа пра залу Палаца незалежнасці, дзе праходзіць прэс-канферэнцыя.

Ці будуць расці зарплаты пасля дэвальвацыі — не зразумела

"Бабруйскае жыццё" запыталася пра рост заробкаў бюджэтнікаў перад выбарамі, і ці не баіцца Лукашэнка, што калі росту не будзе, то будзе дрэнны вынік на выбарах?

Лукашэнка: Не асцерагаюся абсалютна. Вось кажуць, зарплата паменшылася ў сувязі з дэвальвацыяй. Калі лічыць у доларах, то так. Але кошты мы ўзялі пад кантроль і зарплаты павінна хапаць. Вось калі кошты вырастуць, тады гэта пытанне.

Дзяржслужачым недзе знойдзем, дададзім зарплату. Нас народ за гэта не асудзіць, усе бачаць, што дзяржслужачыя ў нас сёння пакрыўджаныя. Тое ж самае з бюджэтнікамі. Станок перад выбарамі ўключаць не будзем. Мы ўжо забыліся, дзе ён стаіць.

Яшчэ крыху пра вайну ва Украіне

УНІАН: Як спыніць кровапраліцце ва Украіне? І ці застаецца мінскі фармат перамоваў дзейсным?

Лукашэнка: Я не бачу іншага фармату, акрамя мінскага. Нам прыемна, што мы так прагучалі. Галоўнае — мір. Дрэнна, што адышлі ад мінскіх дамоўленасцяў. Калі б рашэнні былі выкананыя, то быў бы нейкі мір. Апошнія тыдні пайшоў адыход. З'явілася інфармацыя аб новых фарматах, але гэта значыць пачаць з нуля. Можна паехаць у Астану, а навошта? Мінскі фармат будзе перакрэслены. Новы фармат прапануецца на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Проста збяруцца, пагавораць, раз'едуцца і што далей? Новую кантактную групу ствараць?

Каб спыніць вайну, трэба жаданне ўцягнутых у гэты канфлікт кіраўнікоў дзяржаў і гэтых рэспублік. Прыязджайце вы ў Мінск на любых узроўнях і дамовіцеся. Я гатовы ў гэтым удзельнічаць, гарбату вам насіць. Пераступіце праз свае амбіцыі. На працягу некалькіх гадоў можна сёе-тое аднавіць. Аэрапорт, вядома, доўга прыйдзецца аднаўляць.

Пра даўгабуды

"Мне казалі, што “Газпрам” там праспект Незалежнасці перакрыў, а працы не вядуцца. Я па праспекце даўно не ездзіў, але праеду. Вы глядзіце, я прасіў, каб там усё імгненна пабудавалі. І па іншых аб'ектах целяпаемся, гэта пачынаецца ладуцькіна практыка. Я не хачу, каб новы мэр Мінска трапіў пад мой прэс".

Будзе новы закон Аб карупцыі

Спыталі пра карупцыю, Сяргей Сацук.

Добра абмяркоўваць тэму, калі ёсць факты. Вашы палітычныя заявы, гэта толькі заявы, адказвае Лукашэнка.

"Напэўна яны ёсць, гэтыя карупцыянеры, але патрэбныя факты... Мы рыхтуем новы закон аб барацьбе з карупцыяй. Не стану казаць, што мы ўсё прадугледзелі. Але мяне гэта пытанне насцярожыла. Калі я рэжысёр карупцыі, то вы знайдзіце факты маёй карупцыі... Калі міністр ці службовая асоба адмаўляецца беспадстаўна мець зносіны з журналістамі, значыцца ён больш не міністр і не службовая асоба".

Пра тое, дзе трэба адпачываць

"Івацэвіцкі веснік" спытаў пра топ месцы для адпачынку ў Беларусі.

Лукашэнка кажа, што ўсюды добра: Я люблю сваю краіну. Белавежская пушча, Прыпяцкі запаведнік я ўзяў пад сваю апеку. Я люблю вельмі Гомель. Я люблю свой Віцебск — унікальны горад, які мы давялі да розуму. Я вельмі люблю Гродна, Брэст, у якім я служыў, не кажучы ўжо пра Магілёў, пра сталіцу. У нас няма райцэнтраў, дзе мы бліжэй да цэнтра, дзе мы не навялі парадак. Пралятаеш над райцэнтрам — люба-дорага глядзець.

Пайшла восьмая гадзіна

Лукашэнка спытаў у Сярэдзіча, ці ёсць у зале апазіцыйная прэса? Маўляў, каб не абвінавацілі, што адгарадзіўся прыкормленымі журналістамі. Сярэдзіч, сказаў, што не лічыць сябе апазіцыяй. Лукашэнка, перапытаў, ці ёсць вольнадумаючая прэса? Шмат такіх ёсць, адказаў Сярэдзіч. Лукашэнка прапанаваў усім, хто хацеў задаць правакацыйнае пытанне, устаць і задаць яго.

Таццяна Мельнічук з ВВС распавяла пра затрыманні некалькіх чалавек, якія выходзілі да французскай амбасады і помніка Тарасу Шаўчэнка ў знак салідарнасці з расстраляным часопісам Charlie Ebdo. Заявіла, што гэта дрэнна для іміджу моцнай улады.

Лукашэнка сказаў, што цалкам згодны. Што міліцыі не варта было чапаць гэтых людзей і даручыў разабрацца міністру МУС. Той паспрабаваў сказаць, што яны нікога не баяцца. Але Лукашэнка спыніў і сказаў разабрацца з канкрэтным выпадкам і каб надалей такога не было.

Фота: sb.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі