Прычынай непрыемнага паху ў брэсцкай вадзе стала аварыя на водазаборы
Аварыя адбылася на водазаборы Брэсцкага ўчастка Баранавіцкай дыстанцыі водазабеспячэння і санітарна-тэхнічных прылад РУП "Дарводаканал" Белчыгункі.
Як паведамілі БелаПАН у Брэсцкім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, такая выснова зробленая па выніках лабараторных даследаванняў пробаў вады на санітарна-хімічныя паказчыкі.
Пробы вады, узятыя ў трох з чатырох свідравін водазабору і на выхадзе з яго, не адпавядалі санітарным нормам па паху і акісляльнасці. Вынікі аналізаў проб па мікрабіялагічных паказчыках пакуль не апублікаваныя.
Па дадзеных на ранак 3 верасня, выпадкаў кішэчных інфекцый сярод насельніцтва не зарэгістравана. Жыхароў мікрараёна ўлады заклікаюць працягваць выкарыстоўваць для піцця, гатавання ежы і гаспадарчых мэтаў прывазную, бутыляваную або кіпячоную ваду, а таксама выконваць правілы асабістай гігіены з ужываннем антысептыкаў для рук.