Пуцін прызначыў пляменніцу намесніцай міністра абароны
Ганна Цывілёва
Уладзімір Пуцін прызначыў сваю пляменніцу Ганну Цывілёву намесніцай міністра абароны РФ. Яна будзе выводзіць на "новы якасны ўзровень" сацыяльнае і жыллёвае забеспячэнне вайскоўцаў.
"Новая газета" нагадвае, што 52-гадовая Цывілёва — жонка былога губернатара Кузбаса, а з траўня 2024-га міністра энергетыкі Расіі Сяргея Цывілёва. Кандыдат эканамічных навук. Летась яна ўзначаліла дзяржаўны фонд "Абаронцы Айчыны". Заходзіцца пад санкцыямі ЕС. Пра тое, што Ганна Цывілёва — стрыечная пляменніца Пуціна, вядома з паведамленняў СМІ.
Яшчэ адным намеснікам міністра абароны стаў Павел Фрадкоў, сын былога прэм'ера Міхаіла Фрадкова. Ён будзе кіраваць маёмасцю, зямельнымі рэсурсамі, а таксама будаўніцтвам аб'ектаў для патрэб ваеннага ведамства. Раней Фрадкоў працаваў на пасадзе першага намесніка кіраўніка справамі прэзідэнта.
Першым намеснікам міністра абароны стаў Леанід Горнін, які займаў пасаду намесніка міністра фінансаў і адказваў у Мінфіне за ваенныя выдаткі.
Заходнія эксперты яшчэ ў траўні выказвалі меркаванне, што перастаноўкі ў Мінабароны РФ і замена Сяргея Шайгу на Андрэя Белавусава, які быў першым віцэ-прэм'ерам, сведчаць пра падрыхтоўку да зацяжной вайны ва Украіне і канфрантацыі з NATO ў будучыні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.