Міліцыянты застрэлілі п'янага мужчыну пры затрыманні
Абстраляная хата
У Рэчыцкі РАУС 19 лістапада каля паўночы паступіла паведамленне ад жыхара вёскі Ліскі. Яго дом абстралялі знаёмых.
Як выявілі міліцыянты, напярэдадні заяўнік распіваў спіртное ў кампаніі прыяцеляў, а потым пайшоў дадому. Два ягоныя сабутэльнікі (36 і 39 гадоў) прыйшлі да яго хаты і абвінавацілі мужчыну ў крадзяжы алкаголю. Падчас сваркі адзін з іх пагражаў расправіцца з гаспадаром дома і яго сям'ёй, зрабіў стрэл з паляўнічай стрэльбы ў плот.
Міліцыянты пайшлі па дамах нападнікаў. Малодшага з іх затрымалі дома. Другога з паляўнічай стрэльбай знайшлі на адной з вуліц вёскі. Мужчына не рэагаваў на неаднаразовыя патрабаванні пакласці зброю на зямлю. Ён ішоў са стрэльбай, накіраванай у бок міліцыянтаў і грамадзянскіх асоб. Паведамляецца, што міліцыянты зрабілі папераджальныя стрэлы ў паветра, а потым адзін на паражэнне. Параненага мужчыну даставілі ў лякарню, дзе ён памёр.
З месца здарэння былі канфіскаваныя паляўнічая стрэльба і больш за дзясятак патронаў да яе. Міліцыянты кажуць, што раней мужчына быў судзімы за разбой і рабаванне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.