Раман Пасевіч з "чорнага спісу" Мінспорту развітаўся з "Нёманам"
Раман Пасевіч / fcneman.by
Раман Пасевіч з "чорнага спісу" Мінспорту развітаўся з гродзенскім "Нёманам". "Прыйшоў час сказаць бывайце, — піша ён у Instagram. — Хацелася, вядома, з'язджаць з гэтай каманды, выйграўшы нешта. Як толькі быў гатовы да гэтага як ніколі, у Бога з'явіліся іншыя планы на мяне. Дзякуй за цеплыню на стадыёнах і па-за ім. Гродна заўсёды застанецца ў маім сэрцы. Нашы шляхі разыходзяцца. Усім поспехаў. Усіх абдымаю".
Верагодна, 23-гадовы футбаліст працягне кар'еру за мяжой. Ім цікавіліся клубы з Казахстана, Узбекістана і Расіі.
У "чорны спіс" спартыўныя функцыянеры ўключылі футбалістаў, якія ў 2020-м на відэа сказалі "Мы супраць гвалту!", і ім гэтага не могуць дараваць. З імі ці скасаваныя, ці не заключаныя кантракты. Самым вядомым у спісе быў Станіслаў Драгун. Сёлета яму не далі гуляць на радзіме, і ён скончыў прафесійную кар'еру. У "чорным спісе" былі некалькі футбалістаў "Нёмана". Галоўны трэнер каманды Ігар Кавалевіч на тэлебачанні ўздымаў пытанне пра найхутчэйшае вырашэнне іх лёсу.
Тым часам рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца. Сілавікі нядаўна затрымлівалі спартыўнага дырэктара ФК "Нёман" Дзмітрыя Кавалёнка. Яго абвінавацілі ў падпісцы на "экстрэмісцкія" рэсурсы і ўдзеле ў маршах пратэсту. Чакаецца, што Кавалёнка звольняць з пасады ў клубе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.