Аб завяршэнні прафесійнай кар'еры паведаміў паўабаронца БАТЭ Станіслаў Драгун
Станіслаў Драгун / fcbate.by
Аб завяршэнні прафесійнай кар'еры паведаміў паўабаронца БАТЭ Станіслаў Драгун. У канцы 2022-га ён трапіў у "чорны спіс" Мінспорту, і сёлета яму не дазволілі гуляць у беларускім чэмпіянаце.
Драгун аб'явіў пра сваё рашэнне ў дзень свайго 35-годдзя.
За сваю кар'еру Станіслаў Драгун паспеў пагуляць толькі ў клубах Беларусі і Расіі. Найбольш плённым было яго выступленне за БАТЭ ў 2017-2022 гадах — 49 галоў у 196 матчах (летась забіў 10 галоў і стаў найлепшым бамбардзірам каманды). У складзе нацыянальнай зборнай Беларусі правёў 68 матчаў, забіў 11 галоў.
"Драгун — больш чым знакавая фігура для нашай каманды", — пішуць барысаўчане. І яго ім сёлета вельмі не хапае.
У "чорны спіс" спартыўныя функцыянеры ўключылі футбалістаў, якія ў 2020-м на відэа сказалі "Мы супраць гвалту!", і ім гэтага не могуць дараваць. З імі ці скасаваныя, ці не заключаныя кантракты. Самым вядомым у спісе быў Станіслаў Драгун.
Лёс спартсменаў, якіх за палітычную пазіцыю пазбавілі магчымасці займацца спортам, вырашае камісія па вяртанні палітуцекачоў, складзеная з сілавікоў і прапагандыстаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.