Расія не стала рэфінансаваць крэдыты, выдадзеныя Беларусі
У Масквы скончыліся грошы для Беларусі / Pixabay
Расія не стала рэфінансаваць крэдыты, якія Беларусь павінна вярнуць ёй у 2022 годзе. У Масквы на гэта няма грошай. Таму Мінск сёлета атрымаў не чарговыя крэдыты для таго, каб аддаць крэдыты, а адтэрміноўку па плацяжах на 1 год.
Міністр фінансаў Беларусі Юры Селіверстаў называе гэта нестандартным ходам. "Стандартна — гэта рэфінансаванне. Цяпер стаўкі дастаткова высокія. Таму мы дамовіліся пра такую схему", — каментуе ён. І дадае, што "па сутнасці" гэта рэфінансаванне: працэнты за выдадзеныя раней крэдыты працягнуць налічвацца, але па "даваенных" стаўках. "Таму цалкам камфортна", — рэзюмуе міністр.
Адтэрміноўка ўведзеная на год. Яна дазволіць Беларусі не выплачваць Расіі больш за $1 млрд — такія плацяжы наша краіна павінна была ажыццявіць на карысць усходняй суседкі ў 2022 годзе. Раней міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў заяўляў, што Масква гатовая рэфінансаваць знешнюю пазыку Беларусі.
Усяго на пагашэнне дзяржаўнага доўгу ў 2022 годзе беларускія ўлады павінны патраціць каля $2,5 млрд. І яшчэ $1,2 млрд на працэнты. $1,1 млрд з першай сумы цяпер трэба перанесці на 2023 год, як і працэнты за карыстанне гэтымі грашыма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.