Расія працягвае бамбіць Белгародскую вобласць РФ
Пасёлак Разумнае зноў трапіў пад абстрэл
Расія працягвае бамбіць Белгародскую вобласць РФ. За апошнія чатыры дні расійская авіяцыя скінула на сваю ж тэрыторыю яшчэ некалькі авіябомбаў, піша ASTRA.
4 ФАБ былі скінутыя на расійскі рэгіён 10 траўня. У гэты дзень ФАБ-500 знайшлі на дарозе па шляху з пасёлка Камсамольскі ў сяло Блізкае Белгарадскага раёна. Пацярпелых не было. На наступны дзень бомбу знішчылі. У самім пасёлку Камсамольскі знайшлі яшчэ адну ФАБ-500. Яна ляжала ля жылога дома на вуліцы Паўднёвая. Жыхароў бліжэйшых дамоў эвакуявалі. У раёне вёскі Яблачкава знайшлі ФАБ-250. Зноў жа ніхто не пацярпеў. ФАБ-500 у гэты ж дзень скінулі ў раёне пасёлка Разумнае. Жыхароў не эвакуявалі. 11 траўня ФАБ-250 знайшлі ў Новай Тавалжанцы на тэрыторыі прадпрыемства "Новая Зара". Боепрыпас знішчылі на наступны дзень.
Усе 5 выпадкаў мясцовыя ўлады замаўчалі. Так было і 4 траўня, калі расійскі самалёт скінуў ФАБ-500 на Белгарад. Тады было 7 параненых.
Яшчэ адна расійская авіябомба ўпала на Белгародскую вобласць уначы 13 траўня. Зноў пад абстрэл трапіў пасёлак Разумнае. І зноў пашанцавала — бомба ўпала на паркоўцы. А мясцовыя жыхары кажуць, што была яшчэ адна авіябомба, якая з розніцай у 8 гадзін упала недалёка ад згаданай і ўзарвалася. Аб'яўлена эвакуацыя.
Улады РФ намагаюцца схаваць факты, што на расійскія населеныя пункты падаюць расійскія бомбы. Інакш давялося б тлумачыць прычыны.
Напярэдадні ў Белгарадзе абрынуўся пад'езд 10-павярховага дома, загінулі 19 чалавек, дзясяткі параненыя. Па версіі Мінабароны РФ, у дом трапіў фрагмент збітай ракеты. Але гэта мог быць і расійскі боепрыпас.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.