Расія заняла месца Беларусі ў пастаўках калію ў Індыю — СМІ

"Беларуськалій"

"Беларуськалій"

Ад куплі беларускіх калійных угнаенняў адмовілася Індыя. Яна пачала купляць гэтую прадукцыю ў Расіі. Да гэтых высноваў прыйшлі журналісты сайта "Зеркало", прааналізаваўшы індыйскую статыстыку па знешнім гандлі за мінулы год.

Летась Індыя імпартавала 3,287 мільёна тон калійных угнаенняў на агульную суму больш за 1,3 мільярда долараў. Але як вынікае са знешнегандлёвай статыстыкі Індыі, беларускую прадукцыю краіна не набывала. У 2022 годзе Індыя імпартавала з Беларусі 383,6 тысячы тон калійных угнаенняў (на 61,35% менш, чым у 2021-м) на агульную суму 168,5 мільёна долараў.

Найбольшую колькасць калійных угнаенняў у Індыю летась паставіла Канада — амаль на 479 мільёны долараў. Другое месца заняла Расія з паказчыкам 346,62 мільёна долараў. Варта адзначыць, што ў 2022 годзе Індыя ўвогуле не набывала такую прадукцыю ў Расіі.

У Беларусі індыйскія кампаніі летась купілі толькі 72 тоны змяшанай прадукцыі на суму менш за 51 тысячу долараў.

У снежні 2023-га амбасадар Беларусі ў Індыі Андрэй Ржэвускі казаў, што афіцыйны Мінск спрабуе разблакаваць пастаўкі калійных угнаенняў у гэтую краіну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі