Расіяне паведамляюць падрабязнасці баёў з "украінскімі дыверсантамі"

Расіяне паведамляюць падрабязнасці баёў з "украінскімі дыверсантамі"

Расійскія СМІ паведамляюць усё новыя падрабязнасці затрымання ў Крыме групы "ўкраінскіх дыверсантаў". Учора Масква заявіла, што яе спецслужбым удалося прадухіліць у Крыме серыю тэрактаў на важных аб'ектах інфраструктуры і жыццязабеспячэння паўвострава (мэтай называецца зрыў турыстычнага бізнесу), якую, нібыта, рыхтавалі людзі, што супрацоўнічалі з Галоўным упраўленнем разведкі мінабароны Украіны. Украінскі бок гэта адмаўляе, заяўляе, што Расія наладзіла чарговую правакацыю, спрабуе нанесці ўдар па іміджу Украіны на Захадзе і дамагчыся адмены антырасійскіх санкцый.

Газета "Коммерсант" у сённяшнім нумары піша, што большасць удзельнікаў украінскіх дыверсійных груп былі жыхарамі Крыма, у некаторых з іх былі расійскія пашпарты (іх сапраўднасць правяраецца), ёсць і грамадзяне Украіны. Сцвярджаецца, што ў ноч на 7 жніўня групу з 7 чалавек пераправілі ў Крым на надзіманых лодках праз Перакопскі заліў і высадзілі ў раёне Армянска. Дыверсанты здолелі незаўважна для расійскіх памежнікаў прайсці ў глыб тэрыторыі. Аднак у некалькіх кіламетрах ад узбярэжжа іх заўважыла група спецназу ФСБ "Вымпел" з трох чалавек, якая выклікала дапамогу і прыняла бой. Адзін баец "Вымпела" загінуў, былі забітыя і двое дыверсантаў, яшчэ пяць пазней узялі ў палон. Ад іх расіяне даведаліся пра другую групу дыверсантаў, якая мусіла даставіць выбухоўку.

Паводле "Коммерсанта", другая група дыверсантаў даведалася пра ліквідацыю першай, спачатку схавалася, а пасля пачала адыходзіць да берагу Сіваша, каб пакінуць Крым. У ноч на 8 жніўня яе знайшлі дэсантнікі, якіх прыцягнулі да пошукавай аперацыі. У баю некалькі дэсантнікаў было паранена, адзін забіты. Колькі ў гэтым баю было захоплена дыверсантаў, не паведамляецца. Адзначаецца толькі, што дэсантнікі захапілі выбухоўку і спецзброю.

Кіраўніком "украінскіх дыверсантаў" расійскі бок называе 39-гадовага грамадзяніна Украіны Яўгена Панова. Раней ён ваяваў на Данбасе, але ўжо даўно дэмабілізаваўся. Расіяне яго называюць "кадравым супрацоўнікам украінскай разведкі". Таксама яны сцвярджаюць, што раскрылі "агентурную ўкраінскую сетку" ў Крыме.

"Абвінавачванні расійскім бокам Украіны ў тэрарызме ў акупаваным Крыме гучаць гэтак жа бессэнсоўна і цынічна, як заявы расійскага кіраўніцтва пра адсутнасць расійскіх войскаў у Данбасе. Гэтыя фантазіі — толькі падстава для чарговых ваенных пагроз у адрас Украіны", — цытуе словы прэзідэнта Пятра Парашэнкі УНІАН.

Расіяне паведамляюць падрабязнасці баёў з "украінскімі дыверсантамі"
Пётр Парашэнка. Фота: УНІАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі