Расіяне прызнаюць, што не кантралююць некалькі вёсак у Курскай вобласці
Каля Суджы былі знішчаныя расійскія танкі, якія перавозілі на цягачах
Расійскія "ваенкары" прызнаюць, што ўлады РФ не кантралююць некалькі вёсак (Дар'еўку, Гогалеўку, Свердлікава) у Курскай вобласці каля мяжы з Украінай. Напярэдадні іх занялі ўкраінскія падраздзяленні і ўтрымліваюць дагэтуль. Супярэчлівая інфармацыя пра горад Суджа, які ў аўторак быў абстраляны. З яго эвакуяваліся ўсе ўстановы, а жыхары, відаць, выязджаюць самастойна. Сярод іх ёсць забітыя і параненыя.
Расійскі бок сцвярджае, што ўкраінскія вайскоўцы замацаваліся на расійскай тэрыторыі (прайшлі наперад да 5 кіламетраў). Уначы яны атрымалі падмацаванне ("да 2-х батальёнаў"). Украінскі бок аперацыю ў Курскай вобласці афіцыйна не каментуе.
У аўторак расійскія падраздзяленні, якія прыкрывалі мяжу і спрабавалі спыніць украінскі наступ на "Курскім фронце", панеслі страты. Быў збіты верталёт, яшчэ адзін пашкоджаны, знішчаныя не менш за тры танкі. Украінцы захапілі палонных, сярод якіх ёсць салдаты тэрміновай службы (апублікаваныя відэа з імі).
У сераду расійскія крыніцы паведамілі пра 11 населеных пунктаў, у якіх "прысутнічаюць УСУ". Сцвярджаецца, што яны прасунуліся месцамі на глыбіню 15 кіламетраў. Шырыня фронту складае 10-11 км.
Расійскія "ваенкары" прапануюць розныя версіі мэты ўкраінскай аперацыі. Сярод іх пераважае спроба адцягнуць расійскія сілы з іншых напрамкаў (Харкаўская вобласць і Данбас) і захоп часткі тэрыторыі Курскай вобласці для ўзмацнення пазіцый на будучых перамовах. А яшчэ згадваюць, што пад пагрозай апынулася газавымяральная станцыя "Суджа", праз якую "Газпрам" транспартаваў газ у Еўропу.
Расійскія прапагандысты сцвярджаюць, што ў Курскай вобласці ваююць украінскія падраздзяленні, якія раней ахоўвалі мяжу з Беларуссю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.