Расіяніна пасадзілі на 5 гадоў за твіт пра дзяцей сілавікоў
Уладзіслаў Сініца ў судзе / "Новая газета", Улад Дошкін
Маскоўскі гарадскі суд пакінуў у сіле прысуд Уладзіславу Сініцы, абвінавачанаму ў рамках "маскоўскай справы" ў распальванні нянавісці ці варожасці ў інтэрнэце з пагрозай прымянення гвалту. Прысуд за твіт пра дзяцей сілавікоў застаўся без змен — 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Пра гэта паведамляе "Новая газета".
Сініца, абмяркоўваючы ў "Твітэры" дэананімізацыю сілавікоў, якія працавалі на акцыях апазіцыі, напісаў:
"Паглядзяць на мілыя шчаслівыя сямейныя фота, вывучаць геалакацыю, а далей дзіця доблеснага абаронцы правапарадку проста аднойчы не прыходзіць са школы. Замест дзіцяці па пошце прыходзіць кампакт-дыск са снаф-відэа [кароткаметражныя фільмы, у якіх паказаны сапраўдныя забойствы, без выкарыстання спецэфектаў. — Еўрарадыё]".
Гэты твіт, паводле матэрыялаў справы, выпадкова ўбачыў супрацоўнік Нацгвардыі Аляксандр Андрэеў, які займаўся "забеспячэннем парадку" на акцыях пратэсту ў Маскве 27 ліпеня і 3 жніўня. Ён быў першым сведкам абвінавачвання. Прачытаўшы пост Сініцы (абвінавачваны вёў акаўнт на "Твітэры" пад нікам Max_Steklov), нацгвардзеец прыняў яго на свой рахунак.
"Адкрыў "Твітэр", дзе я ўбачыў гэтыя запісы, перапіску, тое, што там было напісана... Таварыш пад нікам Макс Сцяклоў пісаў, што... Ну, заклікі былі выкрадаць дзяцей расгвардзейцаў з далейшай расправай. І я паглядзеў адказы людзей, каментарыі. Мяне гэта насцярожыла, і я стаў як бы турбавацца за лёс сваёй дачкі, яе здароўе. У мяне дачка 1999 года нараджэння, вучыцца ў ВНУ. І там ішоў такі заклік да таго, каб выкрадаць дзяцей расгвардзейцаў з далейшай расправай. І дасылаць бацькам дыск з гэтым відэа", — сказаў у судзе Андрэеў.
Такія ж паказанні даў і другі сведка, яшчэ адзін нацгвардзеец Арцём Тарасаў.
Уладзіслаў Сініца — адзіны фігурант "маскоўскай справы", абвінавачаны па "экстрэмісцкім артыкуле".
"Мне вельмі брыдка, што наша краіна жыве ў нейкім сярэднявеччы. Гэта нават не 37-ы год, гэта сапраўднае паляванне на ведзьмаў, уласцівае XIII стагоддзю. Ціск на прэсу, свабоду слова сам па сабе распальвае нянавісць", — сказаў Уладзіслаў Сініца ў апошнім слове.
Пракурор запатрабавала для Сініцы шэсць гадоў пазбаўлення волі, але Прэсненскі суд Масквы прысудзіў яго да пяці гадоў калоніі агульнага рэжыму.
"Маскоўская справа" пачалася пасля праведзеных у Маскве пратэстных акцый у падтрымку незалежных кандыдатаў у Маскоўскую гарадскую думу.